Іванавіч Нехлюдаў; а тым часам не гледзячы на тое, што ўвесь інтарэс жыцця накіроўваўся тады на Дзмітрыя Іванавіча, усе справы гэтыя былі нуднымі.
Цяпер усе справы мелі дачыненне да іншых людзей, а не да Дзмітрыя Іванавіча, і ўсе былі цікавымі і захапляючымі, і спраў гэтых была процьма. Мала таго, раней заняткі справамі Дзмітрыя Іванавіча заўсёды выклікалі дасаду, раздражненне; гэтыя-ж чужыя справы пераважна выклікалі ў ім радасны настрой.
Справы, якія займалі ў гэты час Нехлюдава, падзяляліся на тры аддзелы; ён сам з сваім прывычным педантызмам падзяліў іх так і адпаведна гэтаму расклаў іх у тры партфелі.
Першая справа датычылася Маславай і дапамогі ёй. Гэта справа цяпер складалася з хадайніцтва аб падтрыманні пададзенага на высачайшае імя прашэння і ў падрыхтоўцы да падарожжа ў Сібір.
Другая справа была ўпарадкаванне маёнткаў. У Панаве зямля была аддадзена сялянам з умовай выплаты імі рэнты для агульных іхніх сялянскіх патрэб. Але для таго, каб замацаваць гэты кантракт, трэба было скласці і падпісаць умову і завяшчанне. У Кузмінскім-жа справа аставалася яшчэ так, яе ён сам упарадкаваў, г. зн., што грошы за зямлю павінен быў атрымліваць ён, але патрэбна было вызначыць тэрміны і вызначыць, колькі браць з гэтых грошай для пражыцця і колькі пакінуць на карысць сялян. Не ведаючы, якія выдаткі будуць у яго пры паездцы ў Сібір, ён не наважыўся яшчэ пазбавіцца гэтага даходу, хаця напалову зменшыў яго.
Трэцяя справа была дапамога арыштантам, якія ўсё часцей і часцей звярталіся да яго.
Спачатку, завязваючы адносіны з арыштантамі, якія звярталіся да яго за дапамогай, ён адразу-ж пачынаў хадайнічаць за іх, стараючыся палягчыць іхні лёс; але потым з‘явілася гэтак багата просьбітаў, што ён адчуў немагчымасць дапамагчы кожнаму з іх і мімаволі быў прымушан узяцца за чацвертую справу, якая больш, як усе іншыя ў апошні час, займала яго.