Сімон нервова ўскочыў. Мускулы шчок зашавяліліся яшчэ хутчэй.
— Ваша імя?
— Сімон Пятроў Карцінкін, — хутка вымавіў ён траскучым голасам, відаць, уперад падрыхтаваўшыся да адказу.
— Ваша годнасць?
— Сяляне.
— Якой губерні, павета?
— Тульскай губерні, Крапівенскага павета, воласці Купянскай, сяла Боркі.
— Колькі вам год?
— Трыццаць чацверты, нарадзіўся ў тысяча восемсот…
— Веры якой?
— Веры мы рускай, праваслаўнай.
— Жанаты?
— Ніяк не.
— Чым займаецеся?
— Займаліся мы па калідоры ў гасцініцы „Маўрытанія“.
— Судзіліся калі раней?
— Ніколі не судзіўся, таму як мы жылі раней…
— Не судзіліся раней?
— Крый божа, ніколі.
— Копію з абвінаваўчага акта атрымалі?
— Атрымалі.
— Сядайце. Еўфімія Іванаўна Бачкова, — звярнуўся старшыня да наступнай падсуднай.
Але Сімон яшчэ стаяў і засланяў Бачкову.
— Карцінкін, сядайце!
Карцінкін усё стаяў.
— Карцінкін, сядайце!
Але Карцінкін усё стаяў і сеў толькі тады, калі прыстаў, схіліўшы галаву набок і ненатуральна вытарашчыўшы вочы, падбег да яго і трагічным шэптам прагаварыў: „сядзець, сядзець!“
Карцінкін сеў таксама хутка, як ён устаў, і, захінуўшыся халатам, пачаў зноў маўкліва шавяліць шчакамі.
— Ваша імя? — стомлена ўздыхаючы, звярнуўся старшыня да другой падсуднай, не гледзячы на яе і аб нечым