У гэты час у пакой увайшоў, як заўсёды, высока трымаючы галаву і выпяўшы шырокія грудзі, мякка і лёгка ступаючы і ўсміхаючыся, Ігнацій Нікіфаравіч, бліскаючы сваімі акулярамі, лысінай і чорнай барадой.
— Добры дзень, добры дзень, — гаварыў ён, робячы ненатуральныя свядомыя націскі.
(Не гледзячы на тое, што спачатку пасля жаніцьбы яны стараліся сайціся на „ты“, яны асталіся на „вы“).
Яны паціснулі адзін аднаму руку, і Ігнацій Нікіфаравіч лёгка апусціўся ў крэсла.
— Не перашкоджу я вашай размове?
— Не, я ні ад каго не хаваю тое, што гавару, і тое, што раблю.
Як толькі Нехлюдаў убачыў гэты твар, убачыў гэтыя валасатыя рукі, пачуў гэты апякунскі, самаўпэўнены тон, лагодны настрой яго ў імгненне знік.
— Так, мы гаварылі пра яго намеры, — сказала Наталля Іванаўна. — Наліць табе? — дадала яна, узяўшыся за чайнік.
— Калі ласка; які, уласна, намер?
— Ехаць у Сібір з той партыяй арыштантаў, у якой знаходзіцца жанчына, прад якой я лічу сябе вінаватым, — вымавіў Нехлюдаў.
— Я чуў, што не толькі праводзіць, але і больш.
— Але, і ажаніцца, калі толькі яна гэтага захоча.
— Вось як! Але калі вам не непрыемна, растлумачце мне вашы матывы. Я не разумею іх.
— Матывы тыя, што жанчына гэта… што першы крок яе на шляху распусты… — Нехлюдаў раззлаваўся на сябе за тое, што не знаходзіў патрэбных слоў. — Матывы тыя, што я вінаваты, а пакарана яна.
— Калі пакарана, дык, напэўна, і яна не бязвінная.
— Яна зусім бязвінная.
І Нехлюдаў з непатрэбным хваляваннем расказаў усю справу.
— Так, гэта недагляд старшыні і таму неабдуманасць адказу прысяжных. Але на гэты выпадак ёсць сенат.
— Сенат адмовіў.