спраўляючыся ў паперы, што ляжала перад ім. Справа была настолькі звычайнай для старшыні, што для паскарэння ходу спраў ён мог рабіць дзве справы разам.
Бачковай было 43 гады, годнасць — каломенская мяшчанка, занятак — калідорная ў той-жа гасцініцы „Маўрытанія“. Пад судом і следствам не была, копію з абвінаваўчага акта атрымала. Адказы свае вымаўляла Бачкова надзвычайна смела і з гэткімі інтанацыямі, нібы яна да кожнага адказу прымаўляла: „але, Еўфімія і Бачкова, копію атрымала, і ганаруся гэтым, і смяяцца нікому не дазволю“. Бачкова, не чакаючы таго, каб ёй сказалі сесці, адразу-ж села, як толькі скончыліся пытанні.
— Ваша імя? — звярнуўся ласы да жанок старшыня неяк асабліва ветліва да трэцяй падсуднай. — Трэба ўстаць, — дадаў ён мякка і ласкава, заўважыўшы, што Маслава сядзела.
Маслава хуткім рухам устала і з выразам гатоўнасці, выстаўляючы свае высокія грудзі, не адказваючы, глядзела проста ў твар старшыні сваімі ветлівымі і крыху касымі вачыма.
— Зваць як?
— Любоўю, — прагаварыла яна хутка. Нехлюдаў тымчасам, уздзеўшы pince-nez, пазіраў на падсудных, калі іх дапытвалі. — „Ды не можа быць“, думаў ён, не зводзячы вачэй з твара падсуднай, — „але як-жа Любоў?“ думаў ён, пачуўшы яе адказ. Старшыня хацеў дапытваць далей, але член у акулярах, нешта сярдзіта прашаптаўшы, спыніў яго. Старшыня зрабіў галавой знак згоды і звярнуўся да падсуднай:
— Як Любоўю? — сказаў ён. — Вы запісаны інакш.
Падсудная маўчала.
— Я ў вас пытаюся, як ваша сапраўднае імя.
— Хрысцілі як? — запытаў сярдзіты член.
— Раней звалі Кацярынай.
„Ды не можа быць“, працягваў сабе гаварыць Нехлюдаў, і тым часам ён ужо без усякага сумнення ведаў, што гэта была яна, тая самая дзяўчына, выхаванка-пакаёўка, у якую ён адзін час закахаўся, менавіта закахаўся, а потым у нейкім вар‘яцкім чадзе спакусіў і пакінуў і пра якую потым ніколі