з яе мужам спыніліся, пачала расказваць пра тое, як яе дзеці гуляюць у падарожжа, якраз таксама, як некалі ён гуляў з сваімі двума лялькамі — з чорным арапам і лялькай з мянушкай „францужанка“.
— Няўжо ты помніш? — сказаў Нехлюдаў, усміхаючыся.
— І ўяві сабе, яны якраз таксама гуляюць.
Непрыемная размова скончылася. Наташа заспакоі!лася, але не хацела пры мужы гаварыць аб тым, што зразумела было толькі брату, і, каб пачаць агульную размову, загаварыла аб пецербургскай навіне, якая дайшла сюды, — аб горы маці Каменскага, якая згубіла адзінага сына, забітага на дуэлі.
Ігнацій Нікіфаравіч выказаўся з нездавальненнем аб тым парадку, пры якім забойства на дуэлі выключалася з раду агульных крымінальных злачынстваў. Гэта заўвага яго выклікала нязгоду Нехлюдава, і загарэліся зноў спрэчкі на тую самую тэму, дзе ўсё было недамоўлена, і абодва субяседнікі не выказаліся, а асталіся пры сваіх, узаемна-варожых, перакананнях.
Ігнацій Нікіфаравіч адчуваў, што Нехлюдаў асуджае яго, зняважліва ставіцца да ўсёй яго дзейнасці, і яму хацелася паказаць яму ўсю несправядлівасць яго поглядаў. Нехлюдаў-жа, не гаворачы аб дасадзе, якую ён адчуваў за тое, што швагар умешваўся ў яго справы з зямлёй (у глыбіні душы ён адчуваў, што швагар і сястра і іхнія дзеці, як наследнікі яго, маюць на гэта права), абураўся ў душы на тое, што гэты абмежаваны чалавек з поўнай упэўненасцю і спакоем працягваў лічыць правільным і законным тую справу, якая ўяўлялася цяпер Нехлюдаву безумоўна вар‘яцкай і злачыннай. Самаўпэўненасць гэта раздражняла Нехлюдава.
— Што-ж бы зрабіў суд? — спытаў Нехлюдаў.
— Засудзіў-бы аднаго з двух дуэлянтаў, як звычайных забойцаў, да катаржных работ.
У Нехлюдава зноў пахаладзелі рукі, і ён горача загаварыў:
— Ну, і што-ж бы было? — спытаў ён.
— Было-б справядліва.