— Як быццам справядлівасць складае мэту дзейнасці суда, — сказаў Нехлюдаў.
— Што-ж іншае?
— Падтрыманне саслоўных інтарэсаў. Суд, на мой погляд, ёсць толькі адміністрацыйная прылада для падтрымання існуючага парадку рэчаў, выгоднага нашаму саслоўю.
— Гэта зусім новы погляд, — са спакойнай усмешкай сказаў Ігнацій Нікіфаравіч. — Звычайна суду прыпісваецца крыху іншае прызначэнне.
— Тэарэтычна, а не практычна, як я ўбачыў. Суд мае мэтай толькі захаванне грамадства ў цяперашнім становішчы і для гэтага прыгнятае і карае як тых, якія стаяць вышэй агульнага ўзроўню і хочуць падняць яго, так званыя палітычныя злачынцы, і тых, якія стаяць ніжэй за яго, так званыя злачынныя тыпы.
— Не магу згадзіцца, па-першае, з тым, каб злачынцы, так званыя палітычныя, караліся толькі таму, што яны стаяць вышэй сярэдняга ўзроўню. Галоўным чынам гэта адкіды грамадства, таксама сапсаваныя, хаця крыху іначай, як і тыя злачынныя тыпы, якіх вы лічыце ніжэй сярэдняга ўзроўню.
— А я ведаю людзей, якія стаяць непараўнальна вышэй за сваіх суддзяў; усе сектанты — людзі маральна цвёрдыя…
Але Ігнацій Нікіфаравіч, з прывычкай чалавека, якога не перабіваюць, калі ён гаворыць, не слухаў Нехлюдава і, тым асабліва раздражняючы яго, працягваў гаварыць адначасова з Нехлюдавым.
— Не магу згадзіцца і з тым, каб суд меў мэтай: падтрыманне існуючага ладу. Суд мае свае мэты: або выпраўлення…
— Добрае выпраўленне ў турмах, — уставіў Нехлюдаў.
— …або знішчэння, — упарта прадцягваў Ігнацій Нікіфаравіч, — сапсаваных і тых зверападобных людзей, якія пагражаюць існаванню грамадства.
— У тым вось і справа, што яно не робіць ні таго ні другога. У грамадстве няма сродкаў рабіць гэта.
— Гэта як? Я не разумею, — сілком усміхаючыся, запытаў Ігнацій Нікіфаравіч.