да гэтакай ступені неразумна, што нельга зразумець, як могуць душэўна здаровыя людзі ўдзельнічаць у гэткай бязглуздай і жорсткай справе, як крымінальны суд.
— А я вось бяру ўдзел у гэтым, — бляднеючы, сказаў Ігнацій Нікіфаравіч.
— Гэта ваша справа. Але я не разумею гэтага.
— Я думаю, што вы шмат чаго не разумееце, — сказаў дрыжачым голасам Ігнацій Нікіфаравіч.
— Я бачыў на судзе, як таварыш пракурора як мага імкнуўся абвінаваціць няшчаснага хлопчыка, які ў кожным непапсаваным чалавеку мог узбудзіць толькі жаласлівасць; ведаю, як другі пракурор дапытваў сектанта і падводзіў пад крымінальны закон чытанне евангелля; ды і ўся дзейнасць судоў складаецца толькі з гэткіх бязглуздых і жорсткіх учынкаў.
— Я-б не служыў, калі-б так думаў, — сказаў Ігнацій Нікіфаравіч і ўстаў.
Нехлюдаў убачыў асаблівы бляск пад акулярамі швагра. „Няўжо гэта слёзы?“, падумаў Нехлюдаў. І сапраўды гэта былі слёзы знявагі. Ігнацій Нікіфаравіч, падышоўшы да акна, дастаў хустку, адкашліваючыся, пачаў праціраць акуляры і, зняўшы іх, абцёр і вочы. Вярнуўшыся да канапы, Ігнацій Нікіфаравіч закурыў цыгарку і больш нічога не казаў. Нехлюдаву зрабілася балюча і сорамна за тое, што ён да гэткай ступені пакрыўдзіў швагра і сястру, асабліва таму, што ён заўтра ад‘язджаў і больш не пабачыцца з імі. Збянтэжаны, ён развітаўся з імі і паехаў дамоў.
„Вельмі магчыма, што праўда тое, што я гаварыў, — прынамсі, ён нічога не сказаў мне супроць. Але не гэтак трэба было гаварыць. Мала-ж я змяніўся, калі я мог гэтак захапіцца нядобрым пачуццём і гэтак зняважыць яго і бедную Наташу“, думаў ён.
XXXIV
Партыя, у якой ішла Маслава, адпраўлялася з вакзала ў 3 гадзіны, і таму, каб бачыць выхад партыі з турмы і з ёй разам дайсці да вакзала чыгункі, Нехлюдаў збіраўся прыехаць у турму раней 12-ці.