Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/355

Гэта старонка не была вычытаная

Складаючы рэчы і паперы, Нехлюдаў спыніўся на сваім дзённіку, перачытаў некаторыя месцы і тое, што было ў ім запісана апошняе. Апошняе перад ад‘ездам у Пецербург было запісана: „Кацюша не хоча маёй ахвяры, а хоча сваёй. Яна перамагла, і я перамог. Яна радуе мяне той унутранай зменай, якая, мне здаецца, — баюся верыць, — адбываецца ў ёй. Баюся верыць, але мне здаецца, што яна ажывае“.

Тут-жа, услед за гэтым было напісана: „Перажыў вельмі цяжкае і вельмі радаснае. Даведаўся, што яна не добра вяла сябе ў больніцы. І раптам зрабілася страшэнна балюча. Не чакаў, як балюча. З агіднасцю і нянавісцю я гаварыў з ёю і потым раптам успомніў пра сябе, як я шмат разоў і цяпер быў, хаця і ў думках, вінават у тым, за што ненавідзеў яе, і раптам адначасова я зрабіўся брыдкім для сябе, а яна няшчаснай, і мне зрабілася вельмі дабра. Толькі-б заўсёды своечасова паспець убачыць бервяно ў сваім воку, наколькі-б мы былі дабрэйшымі“. На сёнешні дзень ён запісаў: „Быў у Наташы і якраз ад задавальнення сабой быў нядобрым, злым, і асталося цяжкое пачуццё. Ну, ды што-ж рабіць? З заўтрашняга дня новае жыццё. Бывай, старое, і зусім. Шмат набралася ўражанняў, але ўсё-такі яшчэ не магу звесці да адзінства“.

Прачнуўшыся наступным раннем, першым адчуваннем Нехлюдава было каянне аб тым, што ў яго было з шваграм. „Гэтак нельга ад‘язджаць, — падумаў ён, — трэба з‘ездзіць да іх і загладзіць“. Але, зірнуўшы на гадзіннік, ён убачыў, што цяпер ужо няма калі, і трэба спяшацца, каб не спазніцца да выхаду партыі. Спехам сабраўшыся і паслаўшы з рэчамі швейцара і Тараса, мужа Фядосі‘і, які ехаў з ім, проста на вакзал, Нехлюдаў узяў першага сустрэчнага рамізніка і паехаў у турму. Арыштанцкі поезд ішоў на дзве гадзіны раней паштовага, на якім ехаў Нехлюдаў, і таму ён зусім разлічыўся ў сваіх нумарах, не думаючы больш варочацца.


Стаяла цяжкая ліпнёвая спека. Не паспеўшы астынуць пасля парнай начы каменне вуліц, дамоў і жалеза дахаў аддавалі сваё цяпло ў гарачае, нерухомае паветра. Ветру