не ўспамінаў, таму што ўспамін гэты быў занадта балючым, занадта яўна выкрываў яго і паказваў, што ён, так горды сваёй прыстойнасцю, не толькі не прыстойна, але проста подла зрабіў з гэтай жанчынай.
Але, гэта была яна. Ён бачыў цяпер яскрава тую выключную, таямнічую асаблівасць, якая адрознівае адзін твар ад другога, робіць яго асаблівым, адзіным, непаўторным. Не гледзячы на штучную белату і гладкасць твара, асаблівасць гэта, любая, выключная асаблівасць, была ў гэтым твары, у губах, у крыху касаватых вачах і, галоўнае, у гэтым наіўным, з усмешкаю, позірку і ў выразе гатоўнасці не толькі на твары, але і ва ўсёй постаці.
— Вы так і павінны былі сказаць, — зноў неяк асабліва мякка сказаў старшыня. — Па бацьку як?
— Я — незаконная, — прагаварыла Маслава.
— Усё-ж ткі па хроснаму бацьку як звалі?
— Міхайлавай.
„І што магла яна зрабіць?“ — працягваў думаць тымчасам Нехлюдаў, ледзь пераводзячы дыханне.
— Прозвішча ваша як? — працягваў старшыня.
— Пісалі па маці Маславай.
— Годнасць?
— Мяшчанка.
— Веры праваслаўнай?
— Праваслаўнай.
— Занятак? Чым займаліся?
Маслава маўчала.
— Чым займаліся? — паўтарыў старшыня.
— У завядзенні была, — сказала яна.
— У якім завядзенні? — сурова запытаў член у акулярах.
— Вы-ж самі ведаеце ў якім, — сказала Маслава, усміхнулася і адразу-ж, хутка азірнуўшыся, зноў проста ўтаропілася ў старшыню.
Нешта было гэткае незвычайнае ў выразе твара і страшнае і нікчэмнае ў значэнні вымаўленых ёю слоў, у гэтай усмешцы і ў тым хуткім поглядзе, якім яна азірнула пры гэтым залу, што старшыня зрабіў выгляд, што засароміўся, і ў зале на мінуту ўстанавілася поўная цішыня. Цішыня