Ні бацька, ні маці не растлумачылі ні хлопчыку, ні дзяўчынцы таго, што яны бачылі. Так што дзеці павінны былі самі вырашыць пытанне аб значэнні гэтага шэсця.
Дзяўчынка, зразумеўшы выраз твара бацькі і маткі, вырашыла пытанне так, што гэта былі людзі зусім іншыя, чым яе бацькі і іхнія знаёмыя, што гэта былі дрэнныя люзі, і што таму з імі іменна гэтак і трэба рабіць, як зрабілі з імі. І таму дзяўчынцы было толькі страшна, і яна была рада, калі гэтыя людзі згубіліся з вачэй. Але, не міргаючы і не адводзячы вачэй, хлопчык з доўгай худой шыяй, што пазіраў на шэсце арыштантаў, вырашыў пытанне інакш. Ён ведаў яшчэ цвёрда і непарушна, даведаўшыся пра гэта проста ад бога, што людзі гэтыя былі якраз такімі самымі, як і ён сам, як і ўсе людзі, і што таму гэтым людзям нехта зрабіў нешта дрэннае — такое, чаго не павінны рабіць; і ён шкадаваў іх, і ён адчуваў жах і перад тымі людзьмі, каторыя былі закуты і паголены, і перад тымі, якія іх закавалі і пагалілі. І таму ў хлопчыка ўсё больш і больш распухалі губы, і ён рабіў вялікія намаганні, каб не заплакаць, думаючы, што плакаць у гэткіх выпадках сорамна.
XXXVI
Нехлюдаў ішоў такім самым хуткім крокам, якім ішлі арыштанты, але і лёгка апранутаму, у лёгкім паліто яму было дужа горача, галоўнае — душна ад пылу і нерухомага гарачага паветра, якое стаяла на вуліцах. Прайшоўшы блізка чвэртку вярсты, ён сеў на рамізніка і паехаў уперад, але пасярэдзіне вуліцы ў таратайцы яму здалося яшчэ гарачэй. Ён паспрабаваў выклікаць у сябе думкі аб учарашняй размове з шваграм, але цяпер гэтыя думкі ўжо не хвалявалі яго, як раніцой. Іх засланілі ўражанні выхаду з турмы і шэсця партыі. Галоўнае-ж — было да млоснасці горача. Каля плота, у цені дрэваў, зняўшы шапкі, стаялі два хлопчыкі-рэалісты над марожанікам, які прысеў перад імі на каленкі. Адзін з хлопчыкаў ужо еў са смакам, абсмоктваючы рагавую лыжачку, другі чакаў маленькай шклянкі, якая поўна накладалася нечым жоўтым.