мізнік раз-по-раз засынаў; Нехлюдаў-жа сядзеў, ні аб чым не думаючы, абыякава гледзячы перад сабой. На спуску вуліцы, супроць варот вялікага дома, стаяла кучка народу і канвойны са стрэльбай. Нехлюдаў спыніў рамізніка.
— Што гэта? — спытаў ён у дворніка.
— З арыштантам нешта.
Нехлюдаў сышоў з таратайкі і падышоў да кучкі людзей. На няроўных каменнях адхоністага ля тратуара бруку ляжаў галавой ніжэй ног шырокі немалады арыштант з рыжай барадой, чырвоным тварам і плюскатым носам, у шэрым халаце і такіх самых нагавіцах. Ён ляжаў на спіне, раскрыўшы далонямі ўніз пакрытыя вяснянкамі рукі, і пасля вялікіх перапынкаў, роўнамерна паторгваючыся высокімі і магутнымі грудзьмі, усхліпваў, гледзячы на неба ўтаропленымі, налітымі крывёй вачыма. Над ім стаялі нахмураны гарадавы, разносчык, лістаносец, прыказчык, старая жанчына з парасонам і стрыжаны хлопчык з пустой кашолкай.
— Аслаблі, седзячы ў замку, знядужыліся, а іх вядуць у самае пекла, — асуджаў некага прыказчык, звяртаючыся да Нехлюдава, які падыходзіў.
— Памрэ, мабыць, — гаварыла плаксівым голасам жанчына з парасонам.
— Развязаць кашулю трэба, — сказаў лістаносец.
Гарадавы пачаў нязграбна развязваць цясёмкі на жылістай чырвонай шыі. Пальцы яго дрыжэлі. Ён, відавочна, хваляваўся і бянтэжыўся, але ўсё-такі лічыў патрэбным звярнуцца да натоўпу.
— Чаго пазбіраліся? І так горача. Ад ветру сталі.
— Павінен доктар аглядаць, — каторых слабых пакідаць. А то павялі ледзьве жывога, — сказаў прыказчык, відавочна хвалячыся сваім веданнем парадкаў.
Гарадавы, развязаўшы цясёмкі кашулі, выпрастаўся і азірнуўся.
— Разыходзьцеся, кажу. Не ваша-ж справа, чаго не бачылі? — гаварыў ён, звяртаючыся за спачуваннем да Нехлюдава, але, не знайшоўшы ў яго поглядзе спачування, зірнуў на канвойнага.