Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

была парушана нейчым смехам з публікі. Нехта зашыкаў. Старшыня падняў галаву і працягваў запытанні:

— Пад судом і следствам не былі?

— Не была, — ціха прагаварыла Маслава, уздыхаючы.

— Копію з абвінаваўчага акта атрымалі?

— Атрымала.

— Сядайце, — сказаў старшыня.

Падсудная падняла спадніцу адзаду тым рухам, якім прыбраныя жанчыны папраўляюць шлейф, і села, склаўшы белыя невялікія рукі ў рукавах халата, не зводзячы вачэй з старшыні.

Пачаўся пералік сведак, вывад сведак, пастанова аб эксперце-доктары і запрашэнне яго ў залу паседжання. Потым устаў сакратар і пачаў чытаць абвінаваўчы акт. Чытаў ён выразна і голасна, але так хутка, што голас яго, няправільна вымаўляючы л і р, зліваўся ў адзін безупынны, навяваючы дрымоту, гул. Суддзі абапіраліся то на адну, то на другую ручку крэслаў, то на стол, то на спінку, то заплюшчвалі вочы, то адкрывалі іх і перашэптваліся. Адзін жандар некалькі разоў стрымліваў сударгу пазяхання. З падсудных Карцінкін не спыняў варушыць шчокамі. Бачкова сядзела зусім спакойна і проста, зрэдку пачосваючы пальцам пад хусцінкай галаву.

Маслава то сядзела нерухома, слухаючы голас чытальніка і гледзячы на яго, то ўздрыгвала і нібы хацела супярэчыць, чырванела і потым цяжка ўздыхала, змяняла становішча рук, азіралася і зноў пачынала глядзець на чытальніка.

Нехлюдаў сядзеў у першым радзе на сваім высокім крэсле, другім скраю, і, здымаючы pince-nez, пазіраў на Маславу, і ў душы яго ішла складаная і балючая работа.


X

Абвінаваўчы акт быў гэткі: „17 студзеня 188* года ў гасцініцы „Маўрытанія“ раптоўна памёр прыезджы — курганскі 2-й гільдыі купец Ферапонт Емельянавіч Смелькоў.

Мясцовы паліцэйскі ўрач 4-га ўчастка пасведчыў, што