сіл. Не гледзячы на скалечаную брыццём палову галавы, невысокі круты лоб з выпуклінамі над чорнымі, цяпер змярцвелымі вачыма, быў вельмі прыгожы, таксама як і невялікі з гарбінкай нос над тонкімі чорнымі вусамі. Пасінелыя цяпер губы склаліся ў усмешку; невялікая бародка толькі акружала ніжнюю частку твара, і на паголеным баку чэрапа віднелася невялікае моцнае і прыгожае вуха. Выраз твара быў і спакойны, і суровы, і добры. Не гаворачы ўжо аб тым, што па твары гэтым можна было бачыць, якія магчымасці духоўнага жыцця былі загублены ў гэтым чалавеку, — па тонкіх касцях рук і закутых ног і па дужых мускулах усіх прапарцыянальных членаў можна было бачыць, якая гэта была прыгожая, моцная, спрытная чалавечая жывёла, як жывёла ў сваім родзе куды больш дасканалая, як той буланы жарабок, за псаванне якога гэтак злаваўся брандмаёр. А тым часам яго замардавалі, і не толькі ніхто не шкадаваў яго, як чалавека, — ніхто не шкадаваў яго, як дарэмна загубленую рабочую жывёлу. Адзінае пачуццё, выкліканае ва ўсіх людзях яго смерцю, было пачуццё дасады за клопаты, якія з‘яўляліся ў выніку неабходнасці пазбавіцца ад гэтага цела, якое пагражала гніццём.
У прыймовы пакой увайшлі доктар з фельчарам і прыватны. Доктар быў моцны прысадзісты чалавек у часунчовым пінжаку і такіх самых вузкіх панталонах, якія абцягвалі яго мускулістыя сцёгны. Прыватны быў маленькі, тоўсты, з падобным на кулю чырвоным тварам, які рабіўся яшчэ больш круглым ад яго прывычкі набіраць у шчокі паветра і павольна выпускаць яго. Доктар падсеў на ложак да мерцвяка, таксама, як і фельчар, дакрануўся да рукі, пасухаў сэрца і ўстаў, папраўляючы панталоны.
— Мярцвейшыя не бываюць, — сказаў ён.
Прыватны набраў поўны рот паветра і паволі выпусціў яго.
— З якой турмы? — звярнуўся ён да канвойнага.
Канвойны адказаў і напомніў пра кайданы, якія былі на памершым.
— Загадаю зняць; хвала богу, кавалі ёсць, — сказаў прыватны і, зноў надзьмуўшы шчокі, пайшоў да дзвярэй, павольна выпускаючы паветра.