Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/371

Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму-ж гэта так? — звярнуўся Нехлюдаў да доктара.

Доктар паглядзеў на яго праз акуляры.

— Што, чаму так? Што паміраюць ад сонечнага ўдару? А так, седзячы без руху, без святла ўсю зіму, і раптам на сонца, ды ў гэткі дзень, як сёння, ды ідуць натоўпам, свежага паветра нехапае. Вось і ўдар.

— Дык навошта-ж іх пасылаюць?

— А гэта вы іх спытайце, А вы, уласна, хто?

— Я старонні.

— А-а!.. Бывайце. Я не маю часу, — сказаў доктар і, з дасадай смаргнуўшы ўніз панталоны, накіраваўся да ложкаў хворых.

— Ну, твае справы як? — звярнуўся ён да крываротага бледнага чалавека з завязанай шыяй.

Вар‘ят тым часам сядзеў на сваім ложку і, перастаўшы курыць, пляваў у напрамку да доктара.

Нехлюдаў сышоў уніз на двор і міма пажарных коней, і курэй, і вартавога ў меднай касцы прайшоў у вароты, сеў на свайго рамізніка, які зноў было заснуў, і паехаў на вакзал.


XXXVIII

Калі Нехлюдаў прыехаў на вакзал, арыштанты ўжо ўсе сядзелі ў вагонах за вокнамі з кратамі. На платформе стаяла некалькі чалавек праважатых: іх не падпускалі да вагонаў. Канвойныя сёння былі асабліва заклапочаны. Па дарозе ад турмы да вакзала ўпала і памерла ад удару, апрача тых двух чалавек, якіх бачыў Нехлюдаў, яшчэ тры чалавекі: аднаго адвезлі, таксама, як першых двух, у бліжэйшы ўчастак, і два ўпалі ўжо тут, на вакзале[1]. Заклапочаны канвойныя былі не тым, што памерла пад іхнім канвоем пяць чалавек, якія-б маглі астацца жывымі. Гэта іх не займала, а займала іх толькі тое, каб выканаць усё тое, што па закону патрабавалася ў гэтых выпадках: здаць

  1. У пачатку 80-х гадоў пяць чалавек арыштантаў памерлі ў адзін дзень ад сонечнага ўдару ў той час, калі іх пераводзілі з Бутырскай турмы на вакзал Ніжагародскай чыгункі.