значыцца, — усміхаючыся гаварыў Тарас. — Прызналася, значыцца, ва ўсім. — Вядомая справа, у турму. Бацька адзін вярнуўся. А тут рабочая пара надыходзіць, а баба ў нас — адна маці, але і тая ўжо знядужаная. Думалі, як быць, ці не можна на парукі ўзяць. Паехаў бацька да начальніка да аднаго — дарэмна, ён — да другога. Начальнікаў гэтых ён чалавек пяць аб‘ездзіў. Зусім ужо было пакінулі хадайнічаць, ды сустрэўся тут чалавечак адзін, з службоўцаў. Даступны такі, што і не знойдзеш. „Давай, — гаворыць, — пяцёрку — зраблю“. Зышліся за траяк. Што-ж, браце ты мой, я яе палатно заклаў, даў. Як напісаў ён гэту паперу, — працягваў Тарас, нібы ён гаварыў пра стрэл, — адразу вышла. Я сам у той час ужо ачуняў, сам па яе ў горад ездзіў. Прыехаў я, браце ты мой, у горад. Адразу кабылу на дварэ паставіў, узяў паперу, прыходжу ў турму. „Чаго табе?“ — Так і так, кажу, гаспадыня мая тут у вас сядзіць, „А папера, — гаворыць, — ёсць?“ Адразу падаю паперу. Зірнуў ён. „Пачакай“, кажа. Прысеў я тут на лавачку. Сонца ўжо за поўдзень перайшло. Выходзіць начальнік: „Ты, — гаворыць, —Варгушоў?“ — Я самы. — „Ну, атрымлівай“, — гаворыць. Адразу адкрылі вароты. Вывелі яе ў адзенні ў сваім, як трэба. „Што-ж, пойдзем“. — „А ты хіба пешы?“ — „Не, я на кані“. Прышлі на двор, разлічыўся я за пастой і запрог кабылу, падбіў сенца, што асталося, пад крапіўны мех. Села яна, захуталася хусткай. Паехалі. Яна маўчыць, і я маўчу. Толькі пачалі пад‘язджаць да дома, яна і гаворыць: „А што, маці жыве?“ Я кажу: „Жыве“. „А бацька жывы?“ — „Жывы.“ — „Даруй, — гаворыць, — мне, Тарас, маё глупства. Я і сама не ведала, што рабіла“. А я кажу: „Многа баіць не падабаіць — даўно дараваў“. Больш я і не гаварыў нічога. Прыехалі дамоў, адразу яна маці ў ногі. Маці гаворыць: „Бог даруе“. А бацька паздароўкаўся і кажа: „Што старое памінаць. Жыві, як лепей. Цяпер, — кажа, — час не гэткі, з поля прыбіраць трэба. За скароджаным, — кажа, — на ўгноеным асмінніку жытцо гэткае, бог даў, урадзілася, што і серп не бярэ, пераблыталася ўсё і легма лягло. Выжаць трэба. Вось ты з Тараскай ідзі заўтра, пажні“. І ўзялася яна, братка ты мой, з таго часу працаваць. Ды гэтак працаваць пачала, што
Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/388
Гэта старонка не была вычытаная