Садоўнік, што гутарыў з Тарасам, сядзеў не на сваім месцы і пайшоў на сваё, так што каля і супроць Тараса былі тры месцы. Трое рабочых селі на гэтыя месцы, але, калі Нехлюдаў падышоў да іх, выгляд яго панскай вопраткі так збянтэжыў іх, што яны ўсталі, каб пайсці, але Нехлюдаў прасіў іх астацца, а сам прысеў на ручку лаўкі каля праходу.
Адзін з двух рабочых, чалавек гадоў пад пяцьдзесят, недаўменна і нават са спалохам пераглянуўся з маладым. Тое, што Нехлюдаў, замест таго, каб, як гэта ўласціва пану, лаяць і гнаць іх, уступіў ім сваё месца, вельмі здзівіла і збіла з панталыку іх. Яны нават баяліся, як-бы з гэтага не было чаго-небудзь для іх дрэннага. Убачыўшы, аднак, што тут не было ніякай небяспекі і што Нехлюдаў проста гутарыў з Тарасам, яны заспакоіліся, загадалі хлопцу сесці на мяшок і патрабавалі, каб Нехлюдаў сеў на сваё месца. Спачатку стараваты рабочы, што сядзеў супроць Нехлюдава, увесь сціскаўся, старанна падбіраючы свае абутыя ў лапці ногі, каб не піхнуць пана, але потым гэтак па-прыяцельску разгаварыўся з Нехлюдавым і Тарасам, што нават стукаў Нехлюдава па калену, перавернутай угору далонню рукой у тых месцах расказа, на якія ён хацеў звярнуць яго асаблівую ўвагу. Ён расказаў пра ўсе свае справы і пра работу на тарфяных балотах, з якой яны ехалі цяпер дамоў, адпрацаваўшы на ёй два з паловай месяцы і везучы дамоў заробленыя рублёў па 10 грошай на чалавека, бо частка заробкаў дадзена была ўперад пры найме. Працавалі яны, як ён расказваў, да кален у вадзе і з відна і да відна з двухгадзінным перапынкам на абед.
— Каторыя без прывычкі, тым, канечне, цяжка, — гаварыў ён, — а прызвычаіўся — нішто. Абы харчы былі добрыя. Спачатку харчы дрэнныя былі. Ну, а потым народ крыўдзіцца пачаў, і харчы пачалі добрыя даваць, і працаваць зрабілася лёгка.
Потым ён расказаў, як на працягу дваццаці васьмі год хадзіў на заработкі і ўвесь свой заробак аддаваў у дом, спачатку бацьку, потым старшаму брату, цяпер пляменніку, які загадваў гаспадаркай, а сам пражываў з заробленых пяцідзесяці-шасцідзесяці рублёў у год два-тры рублі на балаўство: на табак і запалкі.