адну. Аб грашах, пакладзеных Бачковай у банк, ён паказаў згодна з ёй, што яны набыты разам з ім дванаццацігадовай службай у гасцініцы ад паноў, якія ўзнагароджвалі яго за паслугі“.
Потым ішло ў абвінаваўчым акце апісанне вочных ставак, паказанне сведак, думкі экспертаў і т. д.
Заключэнне абвінаваўчага акта было наступнае:
„З прычыны ўсяго вышэйвыкладзенага, селянін сяла Боркаў Сімон Пятроў Карцінкін, 33-х год, мяшчанка Еўфімія Іванава Бачкова, 43-х год, і мяшчанка Кацярына Міхайлава Маслава, 27-мі год, абвінавачваюцца ў тым, што яны 17-га студзеня 188* года, загадзя змовіўшыся паміж сабой, пакралі грошы і пярсцёнак купца Смелькова на суму 2500 рублёў срэбрам і з намерам забойства напаілі яго, Смелькова, атрутай, з якой прычыны ён, Смелькоў, і памёр.
Злачынства гэта прадугледжана 4 і 5 пунктамі 1453 артыкула ўкладу аб пакараннях. Таму і на падставе артыкула 201 статута крымінальнага судаўніцтва селянін Сімон Карцінкін, Еўфімія Бачкова і мяшчанка Кацярына Маслава падлягаюць суду акруговага суда з удзелам прысяжных засядацеляў“.
Гэтак скончыў сваё чытанне доўгага абвінаваўчага акта сакратар і, склаўшы лісты, сеў на сваё месца, папраўляючы двума рукамі доўгія валасы. Усе ўздыхнулі лёгка з прыемным адчуваннем таго, што цяпер пачнецца даследаванне, і зараз усё высветліцца, і справядлівасць будзе задаволена. У аднаго Нехлюдава не было гэтага адчування: ён увесь быў ахоплен жахам перад тым, што магла зрабіць тая Маслава, якую ён ведаў нявіннай і прыгожай дзяўчынкай 10 год таму назад.
XI
Калі скончылася чытанне абвінаваўчага акта, старшыня, параіўшыся з членамі, звярнуўшыся да Карцінкіна з такім выразам твара, які казаў, што цяпер ужо мы ўсё і дакладна даведаемся самым падрабязным чынам.
— Селянін Сімон Карцінкін, — пачаў ён, схіляючыся налева.