поўная адсутнасць какецтва — асабліва здзіўляла і таму вабіла Маславу. Маслава бачыла, што Мар‘я Паўлаўна ведала, і нават, што ёй прыемна было ведаць, што яна прыгожая, але што яна не толькі не радавалася таму ўражанню, якое рабіла на мужчын яе прыгажосць, але баялася гэтага і проста гідзілася і палохалася закахання. Таварышы яе, мужчыны, якія ведалі гэта, калі і мелі пачуццё да яе, дык ужо не дазвалялі сабе выказваць гэтага ёй і абыходзіліся з ёю, як з таварышам-мужчынай. Але незнаёмыя людзі часта прыставалі да яе, і ад іх, як яна расказвала, ратавала яе вялікая фізічная сіла, якой яна асабліва ганарылася. „Аднойчы, — як яна са смехам расказвала, — да мяне прыстаў на вуліцы нейкі пан і анізавошта не хацеў адчапіцца, дык я гэтак патрэсла яго, што ён спалохаўся і ўцёк ад мяне“.
Зрабілася яна рэволюцыянеркай, як яна расказвала, таму, што змалку гідзілася панскім жыццём, а любіла жыццё простых людзей, і яе заўсёды лаялі за тое, што яна ў дзявоцкім пакоі, на кухні, у стайні, а не ў гасцінай.
— А мне з кухаркамі і кучарамі было весела, а з нашымі панамі і дамамі сумна, — расказвала яна. — Потым, калі я пачала разумець, я ўбачыла, што наша жыццё зусім не добрае. Маці ў мяне не было, бацьку я не любіла і дзевятнаццаці год я з таварышкай пайшла з дому і паступіла работніцай на фабрыку.
Пасля фабрыкі яна жыла на вёсцы, потым прыехала ў горад і на кватэры, дзе была тайная друкарня, была арыштавана і засуджана на катаргу. Мар‘я Паўлаўна не расказвала ніколі гэтага сама, але Кацюша даведалася ад іншых, што засуджана яна была на катаргу за тое, што ўзяла на сябе стрэл, які ў час вобыску зрабіў у цемнаце адзін з рэволюцыянераў. З таго часу, як Кацюша пазнала яе, яна бачыла, што дзе-б яна ні была, пры якіх-бы ні была ўмовах, яна ніколі не думала пра сябе, а заўсёды клапацілася толькі аб тым, як-бы зрабіць паслугу, памагчы каму-небудзь вялікім або маленькім. Адзін з цяперашніх таварышоў яе, Новадвораў, жартуючы гаварыў пра яе, што яна захапляецца спортам добрадзейства. І гэта было праўда. Уся мэта яе жыцця была, як для іншага паляўнічага