Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/404

Гэта старонка не была вычытаная

наго. Гутарак значных паміж імі і потым не было, але Маслава адчувала, што, калі ён гаварыў пры ёй, яго словы прызначаны для яе, і што ён гаварыў для яе, стараючыся выказваць сваю думку як мага больш зразумела. Асабліва-ж збліжэнне іх пачалося з таго часу, як ён пайшоў пехатою з крымінальнымі.


V

Ад Ніжняга да Пермі Нехлюдаву ўдалося пабачыцца з Кацюшай толькі два разы: адзін раз у Ніжнім, перад пасадкай арыштантаў на зацягненую сеткай лайбу, і другі раз у Пермі, у турмовай канторы. І ў абодва гэтыя спатканні ён знайшоў яе скрытай і нядобрай. На пытанні яго, ці добра ёй і ці не трэба ёй чаго, яна адказвала, не выразна, збянтэжана і з тым, як яму здавалася, варожым пачуццём дакору, якое і раней праяўлялася ў ёй. І гэты яе пануры настрой, якому былі прычынай толькі тыя праследаванні мужчын, што не давалі ёй спакою ўвесь час, мучыў Нехлюдава. Ён баяўся, каб пад уплывам тых цяжкіх і спрыяльных для распусты ўмоў, у якіх яна знаходзілася ў часе праезду, яна не вярнулася-б зноў да таго ранейшага становішча разладу самой з сабой і зняверанасці ў жыцці, у якім яна злавалася на яго і многа курыла і піла віна, каб забыцца. Але ён не мог нічым памагчы ёй, таму што ўвесь гэты першы час падарожжа не меў магчымасці бачыцца з ёю. Толькі пасля пераводу яе да палітычных ён не толькі пераканаўся ў неабгрунтаванасці сваіх трывог, але, наадварот, з кожным спатканнем з ёю пачаў заўважаць, як усё больш і больш вызначалася ў ёй тая ўнутраная змена, якую ён гэтак моцна жадаў бачыць у ёй. Пры першым-жа спатканні ў Томску яна зноў зрабілася такою, якою была перад ад‘ездам. Яна не нахмурылася і не збянтэжылася, убачыўшы яго, а, наадварот, радасна і проста сустрэла яго, дзякуючы за тое, што ён зрабіў для яе, асабліва за тое, што звёў яе з тымі людзьмі, з якімі яна была цяпер.

Пасля двух месяцаў паходу па этапу, перамена, што адбылася ў ёй, праявілася і ў яе выглядзе. Яна пахудала,