загарэла, як быццам пастарэла; на скронях і каля рота з‘явіліся маршчынкі, валасы яна не распускала на лоб, а навязвала на галаву хустку, і ні ў адзенні, ні ў прычосцы, ні ў абыходжанні не было ўжо ранейшых адзнак какецтва. І гэта перамена, якая адбылася і адбывалася ў ёй, не перастаючы, выклікала ў Нехлюдава асабліва радаснае пачуццё.
У яго з‘явілася цяпер да яе пачуццё, якога ён ніколі не ведаў раней. Пачуццё гэта не мела нічога агульнага ні з першым паэтычным захапленнем, ні яшчэ менш з той пачуццёвай закаханасцю, якую ён адчуў потым, ні нават з тым усведамленнем выкананага абавязку, злучанага з самалюбаваннем, з якім ён пасля суда рашыў ажаніцца з ёю. Пачуццё гэта было тое самае простае пачуццё жалю і замілавання, якое ён адчуў упершыню пры спатканні з ёю ў турме і потым, з новай сілай пасля больніцы, калі ён, перамогшы сваю агіду, дараваў ёй уяўную гісторыю з фельчарам (несправядлівасць якой высветлілася потым); гэта было тое самае пачуццё, але толькі з той розніцай, што тады яно было часовым, цяпер-жа яно зрабілася сталым. Пра што-б ён ні думаў цяпер, што-б ні рабіў, агульным настроем яго было гэта пачуццё жалю і замілавання не толькі да яе, але і да ўсіх людзей. Гэта пачуццё як быццам раскрыла ў душы Нехлюдава струмень любові, які не знаходзіў раней выхаду, а цяпер накіроўваўся на ўсіх людзей, з якімі ён сустракаўся.
Нехлюдаў адчуваў сябе ў часе падарожжа ў тым усхваляваным становішчы, у якім ён мімаволі рабіўся спагадлівым і ўважлівым да ўсіх людзей, ад кучара і канвойнага салдата да начальніка турмы і губернатара, да якіх меў справу.
За гэты час Нехлюдаву, у выніку пераводу Маславай да палітычных, давялося пазнаёміцца шмат з кім з палітычных, спачатку ў Екацерынбургу, дзе іх вельмі свабодна трымалі ўсіх разам у вялікай камеры, а потым у дарозе з тымі пяццю мужчынамі і чатырма жанчынамі, да якіх далучылі Маславу. Гэта збліжэнне Нехлюдава з сасланымі палітычнымі зусім перайначыла яго погляды на іх. З самага