манне, суровасць жыцця, шчырасць, незацікаўленасць у выгадзе, але і гатоўнасць ахвяраваць усім, нават і сваім жыццём, для агульнай справы. І таму тыя з гэтых людзей, якія былі вышэй сярэдняга ўзроўню, былі значна вышэй яго, уяўлялі з сябе ўзор рэдкай маральнай вышыні; тыя-ж, якія былі ніжэй сярэдняга ўзроўню, былі значна ніжэй яго, уяўляючы з сябе часта людзей няшчырых, фальшывых і разам з тым самаўпэўненых і ганарыстых. Так што некаторых з сваіх новых знаёмых Нехлюдаў не толькі паважаў, але і палюбіў ад усёй душы, да іншых-жа ставіўся больш як абыякава.
VI
Асабліва палюбіў Нехлюдаў сухотнага маладога чалавека Крыльцова, які высылаўся на катаргу і ішоў з той партыяй, да якой была прылучана Кацюша. Нехлюдаў пазнаёміўся з ім яшчэ ў Екацерынбургу і потым у часе дарогі некалькі разоў бачыўся і гутарыў з ім. Аднойчы ўлетку на этапе ў часе днёўкі Нехлюдаў правёў з ім амаль што цэльны дзень, і Крыльцоў, разгаварыўшыся, расказаў яму сваю гісторыю, і як ён зрабіўся рэволюцыянерам. Гісторыя яго да турмы была вельмі кароткаю. Бацька яго, багаты памешчык паўднёвых губерняў, памёр, калі ён быў яшчэ дзіцянём. Ён быў адзіным сынам, і маці выхоўвала яго. Вучыўся ён лёгка і ў гімназіі і ў універсітэце і скончыў курс першым кандыдатам матэматычнага факультэта. Яму прапаноўвалі астацца пры універсітэце і ехаць за граніцу. Але ён марудзіў. Была дзяўчына, якую ён кахаў, і ён пачынаў думаць аб жаніцьбе і земскай дзейнасці. Усяго хацелася і ні на што не наважваўся. У гэты час таварышы па універсітэце папрасілі ў яго грошы на агульную справу. Ён ведаў, што гэта агульная справа была рэволюцыйнаю справай, якой ён тады зусім не цікавіўся, але з пачуцця таварыскасці і з-за ганарлівасці, каб не падумалі, што ён баіцца, даў грошы. Тыя, што ўзялі грошы, былі выкрыты; была знойдзена запіска, з якой даведаліся, што грошы дадзены Крыльцовым; яго арыштавалі, пасадзілі спачатку ў часць, а пасля ў турму.