— Я прасіў-бы спаткання з адной арыштанткай, — сказаў Нехлюдаў, стоячы.
— Палітычная? Гэта забаронена законам, — сказаў афіцэр.
— Жанчына гэта не палітычная, — сказаў Нехлюдаў.
— Калі ласка, сядайце, — сказаў афіцэр.
Нехлюдаў сеў.
— Яна не палітычная, — паўтарыў ён, — але па маёй просьбе ёй дазволена вышэйшым начальствам ісці з палітычнымі…
— А, ведаю перабіў афіцэр. — Маленькая, чарнявая? Што-ж, гэта можна. Курыць не жадаеце?
Ён падсунуў Нехлюдаву скрынку з папяросамі і, акуратна наліўшы дзве шклянкі чаю, падсунуў адну з іх Нехлюдаву.
— Прашу, — сказаў ён.
— Дзякую, я-б жадаў пабачыцца.
— Ноч вялікая. Паспееце. Я вам загадаю яе выклікаць.
— А ці нельга, не выклікаючы яе, пусціць мяне ў памяшканне? — сказаў Нехлюдаў.
— Да палітычных? Не па закону.
— Мяне некалькі разоў пускалі. Бо калі баяцца, што я перадам што-небудзь, дык я праз яе мог-бы перадаць.
— Ну, не, яе абшукаюць, — сказаў афіцэр і засмяяўся непрыемным смехам.
— Ну, дык мяне абшукайце.
— Ну, і без гэтага абыйдземся, — сказаў афіцэр, падносячы адкупораны графінчык да шклянкі Нехлюдава. — Дазволіце? Ну, як жадаеце. Жывеш у гэтай Сібіры, дык чалавеку адукаванаму да смерці рады. Бо наша служба, самі ведаеце, самая сумная. А калі чалавек да другога прывык, дык і цяжка. Пра нашага-ж брата такое паняцце, што канвойны афіцэр — значыць грубы чалавек, неадукаваны, а таго не думаюць, што чалавек можа быць зусім для іншага нарадзіўся.
Чырвоны твар гэтага афіцэра, яго духі, пярсцёнак і асабліва непрыемны смех былі вельмі брыдкімі для Нехлюдава, але ён і сёння, як і ўвесь час свайго падарожжа, быў у тым сур‘ёзным і ўважлівым настроі, у якім ён не дазваляў сабе