— Гэта, канечне, правільна, — сказаў ён. — Я і шкадую іх. Толькі я хацеў вам пра гэту Эму расказаць. Дык яна што рабіла…
— Я не цікаўлюся гэтым, — сказаў Нехлюдаў, — і проста скажу вам, што хаця я і сам быў раней іншым, але цяпер ненавіджу такія дачыненні да жанчын.
Афіцэр спалохана паглядзеў на Нехлюдава.
— А яшчэ чайку не жадаеце? — сказаў ён.
— Не, дзякую.
— Берноў! — крыкнуў афіцэр, — праводзь іх да Вакулава, скажы прапусціць у асобную камеру да палітычных; могуць там пабыць да паверкі.
IX
Разам з веставым Нехлюдаў вышаў зноў на цёмны двор, блекла асветлены чырвонымі праменнямі ліхтароў.
— Куды? — спытаў сустрэчны канвойны ў таго, які праводзіў Нехлюдава.
— У асобную, 5-ы нумар.
— Тут не пройдзеш, замкнута, трэба праз той ганак.
— А чаму замкнута?
— Старшой замкнуў, а сам на сяло пайшоў.
— Ну, дык ідзіце сюды.
Салдат павёў Нехлюдава на другі ганак і падышоў па дошках да другога ўваходу. Яшчэ з двара чулася гудзенне галасоў і ўнутраная мітусніна, як у добрым вуллі, які рыхтаваўся да раення, але калі Нехлюдаў падышоў бліжэй, і адчыніліся дзверы, гудзенне гэта зрабілася гучнейшым і перайшло ў гук галасоў, якія перагукваюцца, лаюцца, смяюцца. Пачуўся пераліўны гук кайданаў, і тхнула знаёмым цяжкім пахам калу і дзёгцю. Абодва гэтыя ўражанні — гул галасоў са звонам кайданаў і гэты жудасны пах — заўсёды зліваліся для Нехлюдава ў адно балючае пачуццё маральнай моташнасці, якая пераходзіла ў моташнасць фізічную. І абодва ўражанні змешваліся і ўзмацнялі адно другое. Увайшоўшы цяпер у сенцы поўэтапа, дзе стаяла вялізная смярдзючая кадка, так звавая „параха“, першае,