— Упарадкоўваеце памяшканне? — сказаў Нехлюдаў, працягваючы руку.
— Але, мой даўні занятак, — сказала яна і ўсміхнулася. — А гразь такая, што падумаць нельга. Ужо мы чысцілі, чысцілі. Што-ж, плед высах? — звярнулася яна да Сімансона.
— Амаль, — сказаў Сімансон, пазіраючы на яе нейкім асаблівым поглядам, які здзівіў Нехлюдава.
— Ну, дык я прыду па яго і прынясу кажухі сушыць. Нашы ўсе тут, — сказала яна Нехлюдаву, ідучы ў дальнія і паказваючы на бліжэйшыя дзверы.
Нехлюдаў адчыніў дзверы і ўвайшоў у невялікую камеру, слаба асветленую маленькай металічнай лямпачкай, якая нізка стаяла на нарах. У камеры было холадна і пахла ўзнятым пылам і тытуном. Бляшаная лямпа ярка асвятляла ўсіх, хто знаходзіўся каля яе, але нары былі ў поцемках, і па сценах, хістаючыся, хадзілі цені.
У невялікай камеры былі ўсе, за выключэннем двух мужчын, якія загадвалі харчаваннем і пайшлі па кіпяток і правізію. Тут была даўняя знаёмая Нехлюдава, яшчэ больш схудалая і пажоўклая Вера Ефрэмаўна з сваімі вялізнымі спалоханымі вачыма і ўспухлай жылай на ілбе, у пярэстай кофце і з кароткімі валасамі. Яна сядзела перад газетнай паперай з рассыпаным на ёй тытуном і набівала яго парыўчатымі рухамі ў папяросныя гільзы.
Тут-жа была і адна з самых для Нехлюдава прыемных палітычных жанчын — Эмілія Ранцэва, якая загадвала знешняй гаспадаркай і надавала ёй, у самых нават цяжкіх умовах, жаночую гаспадарнасць і прывабнасць. Яна сядзела каля лямпы і з закасанымі рукавамі над загарэлымі прыгожымі і спрытнымі рукамі перацірала і расстаўляла кубкі і чашкі на разасланы на нарах ручнік. Ранцэва была непрыгожая маладая жанчына з разумным і лагодным тварам, які меў уласцівасць раптам, пры ўсмешцы, змяняць выгляд і рабіцца вясёлым, бадзёрым і чароўным. Яна цяпер сустрэла такой усмешкай Нехлюдава.
— А мы думалі, што вы ўжо зусім у Расію паехалі, — сказала яна.