ў турме і высылцы. Усе гэтыя прыгоды ніколькі не азлабілі яго, але і не паслабілі яго энергію, а нават распалілі яе. Гэта быў рухавы чалавек з вельмі добрым страўнікам, заўсёды аднолькава працавіты, вясёлы і бадзёры. Ён ніколі ні ў чым не раскайваўся і нічога далёка наперад не задумваў, а з усіх сіл свайго розуму, спрытнасці, практычнасці дзейнічаў у цяперашнім. Калі ён быў на волі, ён працаваў для той мэты, якую ён сабе паставіў, а іменна: асвета, з‘яднанне рабочага, пераважна, сялянскага народу; калі-ж ён быў у няволі, ён дзейнічаў таксама энергічна і практычна для зносін з знешнім светам і для пабудовы найлепшага ў даных умовах жыцця не толькі для сябе, але і для свайго асяроддзя. Ён раней за ўсё быў чалавек грамадскі. Для сябе яму, здавалася, нічога не трэба было, і ён мог задаволіцца нічым, але для таварышоў сваіх ён патрабаваў багата і мог рабіць усякую — і фізічную і разумовую — работу, не пакладаючы рук, без сна, без яды. Як селянін, ён быў працавітым, кемкім, спрытным у рабоце і натуральна стрыманым і без намагання пачцівым, уважлівым не толькі да пачуццяў, але і да думак іншых. Старая маці яго, непісьменная сялянская ўдава, поўная забабонаў, жыла яшчэ, і Набатаў памагаў ёй і, калі быў на волі, наведваў яе. У часе сваіх пабывак дома ён цікавіўся кожнай драбніцай яе жыцця, памагаў ёй у работах і не перарываў зносін з былымі таварышамі, сялянскімі хлопцамі; курыў з імі тытун у сабачай ножцы, біўся на кулачкі і тлумачыў ім, як яны ўсе ашуканы і як ім трэба вызваляцца ад таго ашуканства, у якім іх трымаюць. Калі ён думаў і гаварыў аб тым, што дасць рэволюцыя народу, ён заўсёды ўяўляў сабе той самы народ, з якога ён вышаў, у тых самых амаль умовах, але толькі з зямлёй і без паноў і чыноўнікаў. Рэволюцыя, у яго ўяўленні, не павінна была змяніць асноўныя формы жыцця народу — у гэтым ён не згаджаўся з Новадворавым і прыхільнікам Новадворава Маркелам Кандрац‘евым, — рэволюцыя, на яго думку, не павінна была ламаць увесь будынак, а павінна была толькі іначай размеркаваць унутраныя памяшканні гэтага прыгожага, трывалага, велізарнага, палка любімага ім старога будынка.
Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/427
Гэта старонка не была вычытаная