— Хіба можна тут гутарыць, — сказала яна: — прайдзіце сюды, там адна Верачка. — І яна ўперад прайшла ў суседнія дзверы маленькай, відавочна, адзіночнай камеры, адведзенай цяпер для палітычных жанчын. На нарах, накрыўшыся з галавой, ляжала Вера Ефрэмаўна.
— У яе мігрэнь, яна спіць і не чуе, а я пайду! — сказала Мар‘я Паўлаўна.
— Наадварот, аставайся, — сказаў Сімансон, — я сакрэтаў ні ад каго не маю, тым больш ад цябе.
— Ну, добра, — сказала Мар‘я Паўлаўна і, па-дзіцячаму рухаючыся ўсім целам з боку ў бок і гэтым рухам глыбей усаджваючыся на нарах, прыгатавалася слухаць, гледзячы некуды ўдалячынь сваімі прыгожымі барановымі вачыма.
— Дык справа мая ў тым, — паўтарыў Сімансон, — што, ведаючы вашы дачыненні да Кацярыны Міхайлаўны, я лічу сябе абавязаным абвясціць вам мае дачыненні да яе.
— А іменна што? — спытаў Нехлюдаў, мімаволі любуючыся той простасцю і праўдзівасцю, з якой Сімансон гаварыў з ім.
— Тое, што я хацеў-бы жаніцца з Кацярынай Міхайлаўнай…
— Дзіўна! — сказала Мар‘я Паўлаўна, спыніўшы вочы на Сімансоне.
— …І парашыў прасіць яе аб гэтым, аб тым, каб быць маёй жонкай, — працягваў Сімансон.
— Што-ж я магу? Гэта залежыць ад яе, — сказаў Нехлюдаў.
— Так, але яна не вырашыць гэта пытанне без вас.
— Чаму?
— Таму што, пакуль пытанне вашых з ёю дачыненняў не вырашана канчаткова, яна не можа нічога абраць.
— З майго боку пытанне вырашана канчаткова. Я жадаў зрабіць тое, што лічу патрэбным, і, апрача таго, аблягчыць яе становішча, але ні ў якім разе не жадаю перашкаджаць ёй.
— Так, але яна не хоча вашай ахвяры.
— Ніякай ахвяры няма.
— І я ведаю, што гэта рашэнне яе беспаваротнае.
— Ну, дык аб чым-жа гаварыць са мной? — сказаў Нехлюдаў.