Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/446

Гэта старонка не была вычытаная

XIX

На дварэ высыпалі зоры. Вярнуўшыся па закаванай гразі, якая толькі яшчэ дзе-ні-дзе прасоўвалася, на свой заезджы двор, Нехлюдаў пастукаў у цёмнае акно, і плячысты басаногі парабак адчыніў яму дзверы і ўпусціў у сенцы. З сенцаў направа чуцен быў гучны храп возчыкаў у чорнай хаце; наперадзе за дзвярамі, на дварэ, чутна было жаванне аўса вялікай колькасцю коней. Налева вялі дзверы ў чысты пакой. У чыстым пакоі пахла палыном і потам, і чуўся з-за пераборкі роўнамерны з прыхлёбваннем храп нечых магутных лёгкіх, і гарэла ў чырвоным шкле лампадка перад абразамі. Нехлюдаў раздзеўся, паслаў на цыратавую канапу плед, сваю скураную падушку і лёг, перабіраючы ў сваіх думках усё, што ён бачыў і чуў за сёнешні дзень. З усяго таго, што бачыў сёння Нехлюдаў, самым жудасным здаўся яму хлопчык, які спаў на жыжцы, што выцякала з парашы, паклаўшы галаву на нагу арыштанта.

Не гледзячы на нечаканасць і значнасць размовы сёння ўвечары з Сімансонам і Кацюшай, ён не спыняўся на гэтай падзеі: дачыненні яго да гэтага былі занадта складанымі і разам з тым не вызначанымі, і таму ён адганяў ад сябе думку аб гэтым. Але тым больш яскрава ўспамінаў ён гэтых няшчасных, якія задыхаліся ў задушлівым паветры і валяліся на вадкасці, што выцякала са смярдзючай кадкі, і асабліва гэтага хлопчыка з нявінным тварам, што спаў на назе катаржнага, які не выходзіў з яго галавы.

Ведаць, што недзе далёка адны людзі мучаць другіх, падвяргаючы іх рознага роду разбэшчванню, нечалавечым здзекам і пакутам, ці на працягу трох месяцаў бачыць бесперапынна гэтае разбэшчванне і мучыцельства адных людзей другімі — гэта зусім іншае. І Нехлюдаў перажываў гэта. Ён не раз на працягу гэтых трох месяцаў пытаўся сам у сябе: „ці я вар‘ят, што бачу тое, чаго іншыя не бачаць, ці вар‘яты тыя, якія робяць тое, што я бачу?“ Але людзі (і іх было гэтак многа) рабілі тое, што яго так здзіўляла і даводзіла да жаху, з такой спакойнай