месцаў зняволення. Ён чытаў пра ўдасканаленыя турмы з электрычнымі званкамі, пра пакаранні электрычнасцю, рэкамендаваныя Тардам, і ўдасканалены гвалт яшчэ больш абураў яго.
Абурала Нехлюдава, галоўнае, тое, што ў судах і міністэрствах сядзелі людзі, якія атрымлівалі вялікія, сабраныя з народу грошы за тое, што яны, спраўляючыся ў кніжках, напісаных такімі самымі чыноўнікамі, з тымі самымі матывамі, падганялі ўчынкі людзей, якія парушалі напісаныя імі законы, пад артыкулы, і па гэтых артыкулах адпраўлялі людзей некуды ў гэткае месца, дзе яны ўжо не бачылі іх, і дзе гэтыя людзі пад поўнай уладаю жорсткіх, агрубелых сматрыцеляў, надзірацеляў, канвойных, мільёнамі гінулі душой і целам.
Пазнаёміўшыся бліжэй з турмамі і этапамі, Нехлюдаў пабачыў, што ўсе тыя заганы, якія развіваюцца сярод арыштантаў: п‘янства, гульні, жорсткасць і ўсе тыя страшэнныя злачынствы, якія робяць астрожнікі, і самае людаедства, — не з‘яўляюцца выпадковасцямі ці з‘явамі выраджэння злачыннага тыпу, калецтва, як гэта, на руку ўрадам, тлумачаць дурныя вучоныя, а ёсць немінучы вынік незразумелага памылковага пераканання ў тым, што людзі могуць караць іншых. Нехлюдаў бачыў, што людаедства пачынаецца не ў тайзе, а ў міністэрствах, камітэтах і дэпартаментах і канчаецца толькі ў тайзе; што яго швагру, напрыклад, ды і ўсім тым судовым службоўцам і чыноўнікам, пачынаючы ад прыстава да міністра, не было ніякай справы да справядлівасці ці добрабыту народу, пра якія яны гаварылі, а што ўсім патрэбны былі толькі тыя рублі, якія ім плацілі за тое, каб яны рабілі ўсё тое, з чаго вынікае гэта разбэшчванне і пакуты. Гэта было зусім відавочна.
„Дык няўжо-ж і гэта ўсё рабілася толькі з непаразумення? Як-бы зрабіць так, каб забяспечыць усім гэтым чыноўнікам іхняе існаваяне і нават даваць ім прэмію за тое, каб яны толькі не рабілі ўсяго таго, што яны робяць?“ — думаў Нехлюдаў. І па гэтых думках ужо пасля другіх пеўняў, не зважаючы на блох, якія, як толькі ён варушыўся, як фантан, пырскалі вакол яго, — ён заснуў моцным сном.