XX
Калі Нехлюдаў прачнуўся, возчыкі ўжо даўно паехалі, гаспадыня напілася чаю, і, выціраючы хусткаю потную тоўстую шыю, прышла сказаць, што этапны салдат прынёс запіску. Запіска была ад Мар‘і Паўлаўны. Яна пісала, што прыпадак Крыльцова больш сур‘ёзны, чым яны думалі. „Мы адзін час хацелі пакінуць яго і астацца з ім, але гэтага не дазволілі, і мы павязем яго, але ўсяго баімся. Пастарайцеся ў горадзе зрабіць так, каб, калі яго пакінуць, пакінулі-б каго-небудзь з нас. Калі для гэтага трэба, каб я вышла за яго замуж, дык я, разумеецца, гатова“.
Нехлюдаў паслаў хлопца на станцыю па коней і спехам пачаў укладацца. Ён яшчэ не дапіў другой шклянкі, як перакладная тройка, звонячы бубянцамі і грукаючы коламі па мёрзлай гразі, як па бруку, пад‘ехала да ганку. Расплціўшыся з тоўсташыяю гаспадыняй, Нехлюдаў паспяшыў выйсці і, усеўшыся на пераплёт калёсаў, загадаў ехаць як мага хутчэй, жадаючы дагнаць партыю. Недалёка за варотамі агарожы для быдла ён сапраўды дагнаў калёсы, нагружаныя мяшкамі і хворымі, якія грукацелі па мёрзлай дарозе, што пачынала ўжо накатвацца (афіцэра не было, ён паехаў уперад).
Салдаты, відаць выпіўшы, весела балбочучы, ішлі ззаду і па баках дарогі. Калёсаў было многа. У пярэдніх цесна сядзела чалавек па шасці слабых крымінальных, на задніх трох ехалі — па тры на падводзе — палітычныя. На самай задняй сядзелі Новадвораў, Грабец і Кандрац‘еў, на другой — Ранцэва, Набатаў і тая слабая жанчына з раматусам, якой Мар‘я Паўлаўна пераступіла сваё месца. На трэцяй, на сене і падушках, ляжаў Крыльцоў. На козлах сядзела Мар‘я Паўлаўна. Нехлюдаў спыніў возчыка каля Крыльцова і пайшоў да яго. П‘янаваты канвойны замахаў рукой на Нехлюдава, але Нехлюдаў, не звяртаючы на яго ўвагі, падышоў да калёсаў і, трымаючыся за іх, пайшоў побач. Крыльцоў у кажуху і мярлушкавай шапцы, з завязаным хусткай ротам, здаваўся яшчэ худзейшым і бляднейшым. Прыгожыя вочы яго здаваліся асабліва вялікімі і бліскучымі. Слаба