лым баку дарогі Нехлюдаў пазнаў сінюю хустку Кацюшы, чорнае паліто Веры Ефрэмаўны, куртку і вязаную шапку і белыя шарсцяныя панчохі, абвязаныя накшталт сандаляў раменнямі, Сімансона. Ён ішоў побач з жанчынамі і нешта горача гаварыў.
Убачыўшы Нехлюдава, жанчыны пакланіліся яму, а Сімансон урачыста прыпадняў шапку. Нехлюдаў не меў нічога сказаць і, не спыніўшы возчыка, абагнаў іх. Выехаўшы зноў на накатаную дарогу, возчык паехаў яшчэ хутчэй, але бесперапынна мусіў з‘язджаць з накатанага, каб аб‘язджаць абозы, якія цягнуліся па дарозе ў абодва бакі.
Дарога, уся парэзаная глыбокімі каляінамі, ішла цёмным хваёвым лесам, з пярэстай яркай і пясочнай жаўцізною яшчэ не апалых лістоў бярозы і лісцвеніцы абапал. На палавіне перагону лес скончыўся, і з бакоў адкрыліся палі, паказаліся залатыя крыжы і купалы манастыра. Дзень зусім разгуляўся, хмары разышліся, сонца паднялося над лесам, і мокрае лісце, і лужыны, і купалы, і крыжы царквы ярка блішчэлі на сонцы. Уперадзе направа, у шызай далі, забялелі высокія горы. Тройка ўехала ў падгародняе вялікае сяло. Вуліца сяла была поўная народу: і рускімі і інародцамі ў сваіх дзіўных шапках і халатах. П‘яныя і цвярозыя мужчыны і жанчыны капашыліся і галдзелі каля крам, тракціраў, шынкоў і вазоў. Адчувалася блізкасць горада.
Падхляснуўшы і падцягнуўшы правую прысцяжную і перасеўшы на козлах бачком так, каб лейцы прыходзіліся направа, возчык, відавочна, надаючы форсу, пракаціў па вялікай вуліцы і, не стрымліваючы ходу, пад‘ехаў да ракі, праз якую пераезд быў на пароме. Паром быў на сярэдзіне быстрай ракі і ішоў з таго боку. На гэтым баку дзесяткі два вазоў чакалі. Нехлюдаву давялося чакаць нядоўга. Забраўшыся высока ўверх супроць плыні, паром, паднесены хуткай вадой, скора падагнаўся да дошак прыстані.
Высокія, плячыстыя, мускулістыя і маўклівыя перавозчыкі, у кажухах і броднях[1], спрытна, прывычна закінулі канаты, закруцілі іх за слупы і, адпусціўшы запоры, выпусцілі
- ↑ Сібірская назва верхняга сялянскага абутку.