Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/458

Гэта старонка не была вычытаная

Генерал, адуты, з бульбяным носам і выпятымі гузамі на ілбе і голым чэрапе і мяшкамі пад вачыма, сангвінічны чалавек, сядзеў у татарскім шаўковым халаце і з папяроскаю ў руках піў чай з шклянкі ў срэбраным падстаканніку.

— Добры дзень, бацюхна! Прабачце, што я ў халаце прымаю: усё-ж лепей, як зусім не прыняць, — сказаў ён, захінаючы халатам сваю тоўстую, складкамі паморшчаную ззаду шыю. — Я не зусім здаровы і не выходжу. Як гэта вас занясло ў наша трыдзевятае царства?

— Я праваджаў партыю арыштантаў, у якой ёсць асоба мне блізкая, — сказаў Нехлюдаў, — і вось прыехаў прасіць ваша прэвасхадзіцельства часткова аб гэтай асобе і яшчэ аб адной акалічнасці.

Генерал зацягнуўся, адпіў чаю, загасіў папяроску аб малахітавую попельніцу і, не спускаючы вузкіх, бліскучых вачэй, якія заплылі тлустасцю, з Нехлюдава, сур‘ёзна слухаў. Ён перабіў яго толькі для таго, каб спытаць, ці не хоча ён курыць.

Генерал належаў да тыпу вучоных ваенных, якія лічылі магчымым прымірэнне ліберальнасці і гуманнасці з сваёй прафесіяй. Але, як чалавек ад прыроды разумны і добры, ён вельмі скора адчуў немагчымасць такога прымірэння і, каб не бачыць той унутранай супярэчнасці, у якой ён увесь час знаходзіўся, усё больш і больш аддаваўся гэтак пашыранай сярод ваенных прывычцы піць многа віна і так прызвычаіўся, што пасля трыццаціпяцігадовай ваеннай службы зрабіўся тым, што дактары называюць алкаголікам. Ён быў увесь прасякнуты віном. Яму дастаткова выпіць якой-небудзь вадкасці, каб адчуваць ап‘яненне. Піць-жа віно было для яго такой патрэбай, без якой ён не мог жыць, і кожны дзень пад вечар ён бываў зусім п‘яны, хаця гэтак прызвычаіўся да гэтага становішча, што не хістаўся і не гаварыў асаблівых недарэчнасцей. Калі-ж ён і гаварыў іх, дык ён займаў такую значную і высокую пасаду, што якую-б недарэчнасць ён ні сказаў, яе лічылі за разумныя думкі. Толькі раніцой, іменна ў той час, калі Нехлюдаў застаў яго, ён быў падобны на разумнага чалавека і мог разумець, што яму гаварылі, і больш ці менш паспяхова выконваць