Калі Нехлюдаў скончыў, ён дастаў з стала кнігу і, хутка мусолячы пальцы, якімі перагортваў лісты, знайшоў артыкул аб шлюбе і прачытаў.
— Што ёй прысудзілі? — спытаў ён, падняўшы вочы ад кнігі.
— Ёй — катаргу.
— Ну, дык становішча засуджанага з прычыны яго шлюбу не можа палепшыцца.
— Але-ж…
— Дазвольце. Калі-б жаніўся вольны, яна ўсёроўна таксама павінна несці сваё пакаранне — ён ці яна?
— Яны абодва засуджаны на катаржныя работы.
— Ну, дык і квіт, — смеючыся, сказаў генерал. — Што яму, тое і ёй. Яго, як хворага, пакінуць можна, — працягваў ён, — і, зразумела, будзе зроблена ўсё, што магчыма, для палягчэння яго лёсу; але яна, хаця-б вышла за яго, не можа астацца тут…
— Генеральша кушаюць каву, — далажыў лёкай.
Генерал кіўнуў галавой і працягваў:
— Аднак, я яшчэ падумаю. Як іхнія прозвішчы? Запішыце, вось сюды.
Нехлюдаў запісаў.
— І гэтага не магу, — сказаў генерал Нехлюдаву на просьбу яго бачыцца з хворым. — Я, канечне, вас не падазраваю, — сказаў ён, — але вы цікавіцеся ім і іншымі, і вы маеце грошы. А тут у нас усё прадажнае. Мне гавораць: знішчыць хабарніцтва. Ды як-жа знішчыць, калі ўсе хабарнікі? І чым ніжэй чынам, тым больш. Ну, дзе-ж гэта ўгледзець за чалавекам за 5000 вёрст? Ён там царок, такі самы як я тут, — і ён засмяяўся. — Вы-ж, мабыць, бачыліся з палітычнымі, давалі грошы, і вас пускалі? — сказаў ён, усміхаючыся. — Ці не так?
— Так, гэта праўда.
— Я разумею, што вы так павінны зрабіць. Вы хочаце бачыць палітычнага, і вам шкада яго. А сматрыцель ці канвойны возьме, таму што ў яго два двугрывенных пенсіі і сям‘я, і яму нельга не ўзяць, і на яго і на вашым месцы я зрабіў-бы таксама, як і вы і ён. Але на сваім месцы