Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/461

Гэта старонка не была вычытаная

я не дазваляю сабе адступіць ад самай строгай літары закона, іменна таму, што я — чалавек і магу захапіцца спачуваннем. А я выканаўчы, мне даверылі пад вядомыя ўмовы, і я павінен апраўдаць гэта давер‘е. Ну вось, гэтае пытанне скончана. Ну-с, цяпер раскажыце мне, што ў вас у метраполіі робіцца?

І генерал пачаў распытваць і расказваць, відавочна жадаючы адначасова і даведацца пра навіны і паказаць усё сваё значэнне і сваю гуманнасць.


XXIII

— Ну-с, дык вось што: вы ў каго? у Дзюка? Ну, і там паскудна. А вы прыходзьце абедаць, — сказаў генерал, адпускаючы Нехлюдава, — у 5 гадзін. Вы па-англійску размаўляеце?

— Так, размаўляю.

— Ну, вось і добра. Сюды, бачыце, прыехаў англічанін, падарожнік. Ён вывучае ссылку і турмы ў Сібіры. Дык вось ён у нас будзе абедаць, і вы прыязджайце. Абедаем у пяць, і жонка патрабуе дакладнасці. Я-вам тады і адказ дам і пра тое, як зрабіць з гэтай жанчынай, а таксама пра хворага. Магчыма і можна будзе пакінуць каго-небудзь пры ім.

Развітаўшыся з генералам, Нехлюдаў, адчуваючы сябе ў асабліва ўзбуджана-дзейным настроі, паехаў на пошту.

Паштамт быў нізкі са скляпеннямі пакой: за канторкай сядзелі чыноўнікі і выдавалі народу, які цясніўся вакол іх. Адзін чыноўнік, сагнуўшы на бок галаву, не перапыняючыся стукаў пячаткай па канвертах, якія лоўка да яго падсоўваліся. Нехлюдава не прымусілі доўга чакаць, і, даведаўшы яго прозвішча, яму адразу-ж выдалі яго даволі вялікую карэспандэнцыю. Тут былі і грошы, і некалькі лістоў, і кніг, і апошні нумар „Отечественных записок“. Атрымаўшы свае лісты, Нехлюдаў адышоў да драўлянай лаўкі, на якой сядзеў, чакаючы нечага, салдат з кніжкай, і сеў з ім побач, пераглядаючы атрыманыя лісты. У ліку іх быў адзін заказны — адменны канверт з выразнай пячаткаю яркага чыр-