вонага сургуча. Ён распячатаў канверт і, убачыўшы ліст Селеніна разам з нейкай афіцыйнай паперай, адчуў, што кроў кінулася яму ў твар і сэрца сціснулася. Гэта была пастанова па справе Кацюшы. Якою была гэта пастанова? Няўжо адмова? Нехлюдаў спехам праглядзеў напісанае дробным цяжка чытэльным цвёрдым ламаным почыркам і радасна ўздыхнуў. Пастанова была спрыяльная.
„Любы дружа! — пісаў Селенін. — Апошняя размова наша пакінула ва мне моцнае ўражанне. Ты меў рацыю адносна Маславай. Я прагледзеў уважліва справу і ўбачыў, што зроблена была з ёю вялікая несправядлівасць. Паправіць можна толькі камісіі прашэнняў, куды ты і падаў. Мне ўдалося пасадзейнічаць вырашэнню справы там, і вось пасылаю табе копію з памілавання на адрас, які дала мне графіня Кацярына Іванаўна. Арыгінал пастановы адпраўлены ў тое месца, дзе яна знаходзілася ў часе суда і, напэўна, будзе зараз-жа пераслана ў Сібірскае галоўнае ўпраўленне. Спяшаюся паведаміць цябе пра гэтую прыемную вестку. Сяброўскі поціск рукі. Твой Селенін“.
Змест самой паперы быў наступны: „Канцылярыя яго імператарскай вялікасці па прыняццю прашэнняў, што на высачайшае імя падаюцца. Такая-та справа справаводства, такі-та стол, такое-та чысло, год. Згодна распараджэння галоўнага загадчыка канцылярыі яго імператарскае вялікасці па прыйманні прашэнняў, што на высачайшае імя падаюцца, гэтым абвяшчаецца мяшчанцы Кацярыне Маславай, што яго імператарская вялікасць, па найпадданейшым дакладзе яму, спагадліва зыходзячы да просьбы Маславай, высачайша загадаць пажадаў змяніць ёй катаржныя работы на пасяленне ў мясцовасцях не надта далёкіх Сібіры“.
Вестка была радаснаю і значнаю: здарылася ўсё тое, што Нехлюдаў мог жадаць для Кацюшы, ды і для сябе самога. Праўда, што гэтая змена ў яе становішчы ўносіла новыя ўскладненні ў дачыненнях да яе. Пакуль яна аставалася катаржнай, шлюб, які ён прапаноўваў ёй, быў фіктыўным і меў значэнне толькі ў тым, што аблягчаў яе становішча. Цяпер-жа нічога не перашкаджала іхняму сумеснаму жыццю. А да гэтага Нехлюдаў не рыхтаваўся.