малася надзвычайна прама і, робячы рухі рукамі, не аднімала лакцей ад таліі. Яна была спакойна і трохі журботна паважлівай да мужа і надзвычай ласкаваю, хоць і з рознымі, гледзячы па асобах, адценнямі абыходжання да сваіх госцяў. Нехлюдава яна прыняла, як свайго, з той асабліваю тонкаю, непрыкметнаю ільсцівасцю, дзякуючы якой Нехлюдаў зноў даведаўся пра ўсе свае высокія якасці і адчуў прыемнае здавальненне. Яна дала адчуць яму, што ведае яго, хаця і арыгінальны, але сумленны ўчынак, які прывёў яго ў Сібір, і лічыць яго за выключнага чалавека. Гэта тонкая ільсцівасць і ўсё далікатнае і багатае абсталяванне жыцця ў доме генерала зрабілі тое, што Нехлюдаў увесь аддаўся прыемнасці прыгожага абсталявання, смачнай ежы і лёгкасці і прыемнасці дачыненняў з добра выхаванымі людзьмі свайго звычайнага асяроддзя, як быццам усё тое, сярод чаго ён жыў апошнім часам, быў сон, ад якога ён прачнуўся да сапраўднай рэчаіснасці.
За абедам, апрача хатніх — генеральскай дачкі з яе мужам і ад‘ютанта — былі яшчэ англічанін, купец-золатапрамыслоўца і прыезджы губернатар з далёкага сібірскага горада. Усе гэтыя людзі былі прыемнымі для Нехлюдава.
Англічанін, здаровы, румяны чалавек, які вельмі дрэнна гаварыў па-французску, але надзвычайна хораша і па-аратарску пераканаўча па-англійску, вельмі багата чаго бачыў і быў цікавы сваімі расказамі аб Амерыцы, Індыі, Японіі і Сібіры.
Малады купец золатапрамыслоўца, сын мужыка, у пашытай у Лондане фрачнай пары з дыяментавымі запанкамі, які меў вялікую бібліятэку, ахвяроўваў багата на добрачыннасць і падтрымліваўся еўрапейска-ліберальных перакананняў, быў прыемны і цікавы для Нехлюдава, уяўляючы з сябе зусім новы і добры тып адукаванай прышчэпкі еўрапеўскай культурнасці на здаровай мужыцкай дзічцы.
Губернатар далёкага горада быў той самы былы дырэктар дэпартамента, пра якога так многа гаварылі ў той час, як Нехлюдаў быў у Пецербургу. Гэта пульхны чалавек з завітымі рэдкімі валасамі, далікатнымі блакітнымі вачыма, вельмі тоўсты знізу і з выпешчанымі, белымі, у пярсцёнках ру-