камі і з прыемнай усмешкай. Губернатара гэтага паважаў гаспадар дома за тое, што сярод хабарнікаў ён адзін не браў хабараў. Гаспадыня-ж, вялікая аматарка музыкі і сама вельмі добрая піяністка, паважала яго за тое, што ён быў добры музыка і іграў з ёю ў чатыры рукі. Настрой Нехлюдава быў да такой ступені добрадушным, што і гэты чалавек быў не непрыемны яму.
Вясёлы, энергічны, з шызым падбародкам афіцэр-ад‘ютант, які прапаноўваў ва ўсім свае паслугі, быў прыемны сваёй добрадушнасцю.
Але больш за ўсіх прыемнай была Нехлюдаву мілая маладая пара дачка генерала з яе мужам. Дачка гэта была непрыгожая, прастадушная маладая жанчына, уся захопленая сваімі першымі двума дзецьмі; муж яе, за якога яна пасля доўгага змагання з бацькамі вышла, кахаючы, ліберальны кандыдат маскоўскага універсітэта, сціплы і разумны, служыў і займаўся статыстыкай, асабліва інародцамі, якіх ён вывучаў, любіў і стараўся выратаваць ад вымірання.
Усе былі не толькі ласкавымі і далікатнымі з Нехлюдавым, але, відавочна, былі ўзрадаваны яму, як новай і цікавай асобе. Генерал, вышаўшы к абеду ў ваенным сурдуце, з белым крыжыкам на шыі, як са старым знаёмым, прывітаўся з Нехлюдавым і зараз-жа запрасіў гасцей да закускі і гарэлкі. На запытанне генерала ў Нехлюдава пра тое, што ён рабіў пасля таго, як быў у яго, Нехлюдаў расказаў, што быў на пошце і даведаўся пра памілаванне той асобы, пра якую ён гаварыў раніцою, і цяпер зноў просіць дазволу наведаць турму.
Генерал, відавочна нездаволены тым, што за абедам гавораць пра справы, нахмурыўся і нічога не сказаў.
— Хочаце гарэлкі? — звярнуўся ён па-французску да англічаніна, які падышоў. Англічанін выпіў гарэлкі і расказаў, што наведаў сёння сабор і завод, але жадаў-бы яшчэ бачыць вялікую перасыльную турму.
— Вось і добра, — сказаў генерал, звяртаючыся да Нехлюдава, — можаце разам. Дайце ім пропуск, — сказаў ён ад‘ютанту.