— Ёй здаецца, што ўсім цікава бачыць яе дзяцей, — сказала маці, усміхаючыся на мілую бестактоўнасць дачкі. — Князю зусім не цікава.
— Наадварот, вельмі цікава, — сказаў Нехлюдаў, расчулены гэтай перапоўненай праз край шчаслівай матчынай любоўю. — Калі ласка, пакажыце.
— Вядзе князя глядзець сваю малечу, — смеючыся, закрычаў генерал ад картачнага стала, за якім ён сядзеў з шваграм, золатапрамыслоўцам і ад‘ютантам. — Адбудзьце, адбудзьце павіннасць.
Маладая жанчына тым часам, відавочна ўсхваляваная тым, што зараз будуць ацэньваць яе дзяцей, ішла хуткімі крокамі перад Нехлюдавым ва ўнутраныя пакоі. У трэцім, высокім, з белымі шпалерамі пакоі, асветленым невялікай лямпай з цёмным абажурам, стаялі побач дзве пасцелькі, і паміж імі ў белай пелярынцы сядзела нянька з сібірскім скуластым, добрадушным тварам. Нянька ўстала і пакланілася. Маці нагнулася ў першую пасцельку, у якой, раскрыўшы роцік, ціха спала двухгадовая дзяўчынка з даўгімі кучаравымі, раскудлачанымі па падушцы валасамі.
— Вось гэта Каця, — сказала маці, папраўляючы з блакітнымі палосамі вязаную коўдру, з-пад якой высоўвалася маленькая белая ступня. — Добрая? Ёй-жа толькі два гады.
— Цудоўна!
— А гэта Васюк, як яго дзед празваў. Зусім іншы тып. Праўда?
— Надзвычайны хлопчык, — сказаў Нехлюдаў, разглядаючы таўстунчыка, які спаў на жываце.
— Няўжо? — сказала маці, многазначна ўсміхаючыся.
Нехлюдаў ўспомніў ланцугі, паголеныя голавы, біццё, распусту, Крыльцова пры смерці, Кацюшу з усім яе мінулым. І яму зрабілася зайздросна і захацелася сабе гэтага-ж далікатнага, чыстага, як яму здавалася цяпер, шчасця.
Некалькі разоў пахваліўшы дзяцей і тым хаця часткова задаволіўшы маці, якая прагна ўпітвала ў сябе гэтыя пахвалы, ён вышаў за ёю ў гасціную, дзе англічанін ужо чакаў яго, каб разам, як яны ўмовіліся, ехаць у турму. Раз-