Яна зноў перапыніла яго, нібы баючыся, што ён скажа лішняе, ці што яна не скажа ўсяго.
— Не, вы мяне, Дзмітрый Іванавіч, даруйце, калі я не тое раблю, што вы хочаце, — сказала яна, пазіраючы яму ў вочы сваім косым таемным поглядам. — Ды, відаць, ужо так выходзіць. І вам жыць трэба.
Яна сказала яму тое самае, што ён толькі што гаварыў сабе, але цяпер ужо ён гэтага не думаў, а думаў і адчуваў зусім іншае. Яму не толькі было сорамна, але было шкада ўсяго, што ён траціў з ёю.
— Я не чакаў гэтага, — сказаў ён.
— Што-ж вам тут жыць і мучыцца. Даволі вы памучыліся, — сказала яна і дзіўна ўсміхнулася.
— Я не мучыўся, а мне добра было, я жадаў-бы яшчэ служыць вам, каб мог.
— Нам, — яна сказала: „нам“, і зірнула на Нехлюдава, — нічога не трэба. Вы ўжо і так столькі для мяне зрабілі. Каб не вы… — яна хацела нешта сказаць, і голас яе задрыжэў.
— Вам дык ужо мне не можна дзякаваць, — сказаў Нехлюдаў.
— Што лічыцца? Бог нас паквітае, — прагаварыла яна, і чорныя вочы яе заблішчэлі, наліўшыся слязьмі.
— Якая вы добрая жанчына! — сказаў ён.
— Гэта я добрая? — сказала яна праз слёзы і жаласлівая ўсмешка асвяціла яе твар.
— Arе уоu ready?[1] — спытаў тым часам англічанін.
— Directly[2], — адказаў Нехлюдаў і спытаў у яе пра Крыльцова.
Яна перамагла хваляванне і спакойна расказала, што ведала: Крыльцоў вельмі аслабеў у дарозе, і яго адразу-ж змясцілі ў больніцу. Мар‘я Паўлаўна вельмі непакоілася, прасілася ў больніцу ў нянькі, але яе не пускалі.
— Дык мне ісці? — сказала яна, заўважыўшы, што англічанін чакае.
— Я не развітваюся; я яшчэ пабачуся з вамі, — сказаў Нехлюдаў.