Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/472

Гэта старонка не была вычытаная

— Даруйце, — сказала яна ледзь чутна. Вочы іх сустрэліся, і ў дзіўным косым поглядзе і жаласлівай усмешцы, з якой яна сказала гэта не „бывайце“ а „даруйце“, Нехлюдаў зразумеў, што з двух меркаванняў аб прычыне яе рашэння верным было другое: яна кахала яго і думала, што, звязаўшы сябе з ім, яна папсуе яго жыццё, а, ідучы з Сімансонам, вызваляла яго і цяпер радавалася таму, што выканала тое, што хацела, і разам з тым ёй было балюча расставацца з ім.

Яна паціснула яму руку, хутка павярнулася і вышла.

Нехлюдаў азірнуўся на англічаніна, гатовы ісці з ім, але англічанін нешта запісваў у сваю запісную кніжку. Нехлюдаў, не адрываючы яго, сеў на драўляную канапу, якая стаяла каля сцяны, і раптам адчуў страшную стому. Ён стаміўся не ад бяссоннай начы, не ад падарожжа, не ад хвалявання, а ён адчуваў, што страшна стаміўся ад усяго жыцця. Ён прыхіліўся да спінкі канапы, на якой сядзеў, заплюшчыў вочы і ўмомант заснуў цяжкім, мёртвым сном.

— Што-ж, жадаеце цяпер прайсці па камерах? — спытаў сматрыцель.

Нехлюдаў прачнуўся і здзівіўся таму, дзе ён. Англічанін скончыў свае занатоўкі і жадаў агледзець камеры. Нехлюдаў, стомлены і безудзельны, пайшоў за ім.


ХХVІ

Прайшоўшы сенцы і да моташнасці смярдзючы калідор, у якім яны, на сваё здзіўленне, заспелі двух арыштантаў, якія мачыліся проста на падлогу, сматрыцель, англічанін і Нехлюдаў разам з надзірацелямі ўвайшлі ў першую камеру катаржных. У камеры, з нарамі ў сярэдзіне, усе арыштанты ўжо ляжалі. Іх было чалавек 70. Яны ляжалі галава з галавой і бок з бокам. Пры ўваходзе наведвальнікаў усе, бразгаючы ланцугамі, ускочылі і сталі каля нар, ззяючы сваімі свежа-паголенымі поўгаловамі. Асталіся ляжаць двое. Адзін быў малады чалавек, чырвоны, відавочна ў гарачцы, другі — стары, які няспынна войкаў.