усіх пабіў, якія супроць яго ішлі, а потым закон напісаў, каб не рабавалі ды не забівалі. Ён-бы раней гэты закон напісаў.
Нехлюдаў пераклаў. Англічанін усміхнуўся.
— Ну, усё-такі як-жа рабіць цяпер са зладзеямі і забойцамі, спытайце ў яго.
Нехлюдаў зноў пераклаў запытанне. Стары строга нахмурыўся.
— Скажы яму, каб ён з сябе анціхрыставу пячатку зняў, тады і не будзе ў яго ні зладзеяў, ні забойцаў. Так і скажы яму.
— He is crazy[1], — сказаў англічанін, калі Нехлюдаў пераклаў яму словы старога, і, павёўшы плячыма, вышаў з камеры.
— Ты рабі сваё, а іх пакінь. Кожны сам сабе. Бог ведае, каго караць, каму дараваць, а не мы ведаем, — прагаварыў стары. — Будзь сам сабе начальнікам, тады і начальнікаў не трэба. Ідзі, ідзі, — дадаў ён, сярдзіта хмурачыся і бліскаючы вачыма на Нехлюдава, які было прыпыніўся ў камеры. — Нагледзеўся, як анціхрыставы слугі людзьмі вошай кормяць. Ідзі, ідзі!
Калі Нехлюдаў вышаў у калідор, англічанін са сматрыцелем стаяў каля адчыненых дзвярэй пустой камеры і пытаўся пра прызначэнне гэтай камеры. Сматрыцель растлумачыў, што гэта была трупярня.
— О, — сказаў англічанін, калі Нехлюдаў пераклаў яму, і пажадаў увайсці.
Трупярня была звычайная невялікая камера. На сцяне гарэла лямпачка і слаба асвятляла ў адным куце наваленыя мяшкі, дровы і на нарах направа — чатыры мёртвыя целы. Першы труп у пасконнай кашулі і портках быў вялікага росту чалавек, з маленькай вострай бародкай і з паголенай палавінай галавы. Цела ўжо адубела; шызыя рукі, відавочна, былі складзены на грудзях, але разышліся; босыя ногі таксама разышліся і тырчэлі ступнямі ў розныя бакі. Побач з ім ляжала ў белай спадніцы і кофце, босая і проставалосая з
- ↑ Ён вар‘ят.