Другая запаведзь (Мф. V, 27-32) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен блуднічаць, але павінен унікаць асалоды хараством жанчыны, павінен, раз зышоўшыся з адной жанчынай, ніколі не здраджваць ёй.
Трэцяя запаведзь (Мф. V, 33-37) была ў тым, што чалавек не павінен абяцаць чаго-небудзь з прысягай.
Чацвертая запаведзь (Мф. V, 38-42) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен помсціць вока за вока, але павінен падстаўляць другую шчаку, калі ўдараць па адной, павінен дараваць крыўду і з пакораю несці іх і нікому не адмаўляць у тым, чаго хочуць ад яго людзі.
Пятая запаведзь (Мф. V,43-48) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен ненавідзець ворагаў, не ваяваць з імі, але павінен любіць іх, дапамагаць, служыць ім.
Нехлюдаў утаропіўся на святло лямпы і застыў. Успомніўшы ўсю брыдкасць нашага жыцця, ён яскрава ўявіў сабе, чым магло быць-бы гэтае жыццё, каб людзі выхоўваліся на гэтых правілах, і даўно неадчуванае захапленне ахапіла яго душу. Як быццам ён пасля доўгага тамлення і пакуты знайшоў раптам заспакаенне і свабоду.
Ён не спаў усю ноч і, як гэта здаралася са шмат і шмат кім, хто чытае евангелле ўпершыню, чытаючы, разумеў ва ўсім іх значэнні словы, шмат разоў чытаныя і незаўважаныя. Як губка ваду, ён упітваў у сябе тое патрэбнае, значнае і радаснае, што адкрывалася яму ў гэтай кнізе. І ўсё, што ён чытаў, здавалася яму знаёмым, здавалася, сцвярджала, даводзіла да свядомасці, тое, што ён ведаў ужо даўно, раней, але не ўсведамляў цалкам і не верыў. Цяпер-жа ён усведамляў і верыў.
Але мала таго, што ён усведамляў і верыў, што, выконваючы гэтыя запаведзі, людзі дасягнуць найвышэйшага даступнага ім дабра, ён усведамляў і верыў цяпер, што кожнаму чалавеку больш няма чаго рабіць, як выконваць гэтыя запаведзі, што ў гэтым адзіны разумны сэнс чалавечага жыцця, што кожнае адступленне ад гэтага ёсць памылка, якая зараз-жа цягне за сабою пакаранне. Гэта вынікала з усяго вучэння і з асабліваю яскравасцю і сілаю было выяўлена ў байцы пра вінаградараў. Вінаградары ўявілі,