Дзмітрый, са сваім цэльным, рашучым характарам, пакахаўшы дзяўчыну, не задумаў жаніцца з ёю, не звяртаючы ўвагі на паходжанне і становішча, была больш грунтоўнаю.
Калі-б Нехлюдаў тады ясна ўсведамляў сваё каханне да Кацюшы і асабліва калі-б тады яго пачалі пераконваць у тым, што ён ніяк не можа і не павінен злучаць свой лёс з гэтай дзяўчынай, дык вельмі лёгка магло-б здарыцца, што ён са сваёй просталінейнасцю ва ўсім, вырашыў-бы, што няма ніякіх прычын не жаніцца з дзяўчынаю, хто-б яна ні была, калі ён толькі кахае яе. Але цёткі не казалі яму пра сваю боязнь, і ён так і паехаў, не ўсвядоміўшы свайго, кахання да гэтай дзяўчыны.
Ён быў упэўнены, што яго пачуццё да Кацюшы ёсць толькі адно з выяўленняў пачуцця радасці жыцця, што напаўняла тады ўсю яго істоту і якая падзялялася гэтай мілай, вясёлай дзяўчынкай. Калі-ж ён ад‘язджаў, і Кацюша, стоячы на ганку з цёткамі, праводзіла яго сваімі чорнымі, поўнымі слёз і крыху касаватымі вачыма, ён адчуў, аднак, што пакідае нешта прыгожае, дарагое, якое ніколі ўжо не паўторыцца. І яму зрабілася вельмі сумна.
— Бывай, Кацюша, дзякую за ўсё, — сказаў ён цераз чапец Соф‘і Іванаўны, сядаючы ў пралётку.
— Бывайце, Дзмітрый Іванавіч, — сказала яна сваім прыемным, ласкавым голасам і, стрымліваючы слёзы, што напоўнілі яе вочы, пабегла ў сенцы, дзе ёй можна было ў ахвоту паплакаць.
XIII
З таго часу на працягу трох год Нехлюдаў не бачыўся з Кацюшай. І пабачыўся ён з ёй толькі тады, калі, толькі што атрымаўшы годнасць афіцэра, па дарозе ў армію, заехаў да цётак ужо зусім іншым чалавекам, які пражыў у іх лета тры гады таму назад.
Тады ён быў сумленным, самаахвярным юнаком, гатовым аддаць сябе на ўсякую добрую справу, — цяпер ён быў распусным, патончаным эгаістам, які любіў толькі сваю асалоду. Тады свет божы ўяўляўся яму тайнай, якую ён радасна і захоплена імкнуўся разгадваць, — цяпер усё ў гэтым