жыцці было проста і зразумела і адзначалася тымі ўмовамі жыцця, у якіх ён знаходзіўся. Тады патрэбнай і значнай была сувязь з прыродай і з людзьмі, якія жылі, мыслілі і адчувалі раней за яго (філасофія, паэзія), — цяпер патрэбнымі і значнымі былі чалавечыя ўстановы і сувязь з таварышамі. Тады жанчына ўяўлялася таемнай і прыгожай, іменна гэтай таемнасцю прыгожай істотай, — цяпер значэнне жанчыны, усякай жанчыны, апрача сваіх сямейных і жонак сяброў, было вельмі пэўнае: жанчына была адным з лепшых сродкаў вядомай ужо асалоды. Тады не патрэбны былі грошы і можна было не ўзяць і трэцяй часткі таго, што давала маці, можна было адмовіцца ад маёнтка бацькі і аддаць яго сялянам, — цяпер-жа нехапала тых 1500 рублёў на месяц, якія давала маці, і з ёю бывалі ўжо непрыемныя размовы з-за грошай. Тады сваім сапраўдным я ён лічыў сваю духоўную істоту, — цяпер ён лічыў сабою сваё здаровае, бадзёрае, звярынае я.
І ўся гэта жахлівая змена зрабілася з ім толькі таму, што ён пакінуў верыць сабе, а пачаў верыць іншым. Пакінуў-жа ён верыць сабе, а пачаў верыць іншым таму, што жыць, верачы сабе, было занадта цяжка: верачы сабе, кожнае пытанне трэба было вырашаць не на карысць свайго звярынага я, якое шукала лёгкіх радасцей, а амаль заўсёды супроць яго; верачы-ж іншым, вырашаць не было чаго, усё ўжо было вырашана і вырашана супроць усяго духоўнага і на карысць звярынага я. Мала гэтага, верачы сабе, ён заўсёды падупадаў пад асуджэнне людзей; верачы іншым, ён атрымліваў ухвалу ад людзей, якія яго акружалі.
Так, калі Нехлюдаў думаў, чытаў, гаварыў пра бога, пра багацце, пра беднасць, — усе акружаючыя яго лічылі гэта недарэчным і часткова смешным, і маці і цётка з добрадушнай іроніяй называлі яго notre cher philosophe[1]; калі-ж ён чытаў раманы, расказваў брыдкія анекдоты, ездзіў у французскі тэатр на смешныя вадэвілі і весела пераказваў іх, — усе хвалілі і заахвочвалі яго. Калі ён лічыў патрэбным зменшыць свае патрэбнасці і насіў стары шынель і не піў
- ↑ Наш дарагі філосаф.