іншага. Пачалося гэта пасля пераезду ў Пецербург і закончылася паступленнем на вайсковую службу.
Вайсковая служба наогул разбэшчвае людзей, ставячы іх ва ўмовы поўнага гультайства, гэта значыць адсутнасці разумнай і карыснай працы, і звальняючы іх ад агульных чалавечых абавязкаў, замест якіх выстаўляе толькі ўмоўны гонар палка, мундзіра, сцяга і, з аднаго боку, бязмежную ўладу над іншымі людзьмі, а з другога — нявольніцкую пакорлівасць вышэйшым начальнікам.
Але калі да гэтага разбэшчвання наогул вайсковай службай, са сваім гонарам мундзіра, сцяга, сваім дазволам гвалту і забойства, далучаецца яшчэ і разбэшчванне багацця і блізкасці сувязі з царскай фаміліяй, як гэта адбываецца ў асяроддзі выбраных гвардзейскіх палкоў, у якіх служаць толькі багатыя і знатныя афіцэры, дык гэта разбэшчванне даходзіць у людзей, якія падупалі пад яго, да становішча поўнага вар‘яцтва эгаізма. І ў гэткім вар‘яцтве эгаізма знаходзіўся Нехлюдаў з таго часу, як ён паступіў на вайсковую службу і пачаў жыць так, як жылі яго таварышы.
Справы не было ніякай, апрача таго, каб у добра пашытым і пачышчаным не самім, а іншымі людзьмі мундзіры, у касцы, са зброяй, якая таксама зроблена, і пачышчана, і пададзена іншымі людзьмі, ездзіць верхам на добрым, таксама іншымі выгадаваным і аб‘езджаным і выкармленым кані на вучэнне або парад з гэткімі-ж людзьмі, і скакаць, і махаць шаблямі, страляць і вучыць гэтаму іншых людзей.
Іншага занятку не было, і самыя высокапастаўленыя людзі: маладыя, старыя, цар і яго блізкія не толькі ўхвалялі гэты занятак, але хвалілі, дзякавалі за гэта.
Апрача гэтага, лічылася добрым і значным, кідаючы грошы, што атрымліваліся нямаведама адкуль, збірацца есці, асабліва піць, у афіцэрскіх клубах або ў самых дарагіх шынках; потым тэатры, балы, жанчыны, і потым зноў язда на конях, маханне шаблямі, скаканне і зноў кіданне грошай і віно, карты, жанчыны.
Вайскоўцаў асабліва псавала гэткае жыццё таму, што калі неваенны чалавек жыве гэтак, ён у глыбіні душы не можа не сароміцца гэткага жыцця. Вайсковыя-ж людзі лі-