чаць, што гэта так павінна быць, выхваляюцца, ганарацца гэткім жыццём, асабліва ў ваенны час, як гэта было з Нехлюдавым, які паступіў на вайсковую службу пасля абвяшчэння вайны Турцыі. „Мы гатовы ахвяраваць жыццём на вайне, і таму гэткае бесклапотнае, вясёлае жыццё нам не толькі трэба дараваць, але яно і неабходна для нас. Мы і жывем гэтак“.
Так невыразна думаў Нехлюдаў у гэты перыяд свайго жыцця; адчуваў-жа ён увесь гэты час радасць вызваленняад усіх маральных перашкод, якія ён ставіў сабе раней, і няспынна знаходзіўся ў хранічным становішчы вар‘яцтва эгаізма.
У гэтым становішчы і знаходзіўся ён, калі пасля трох год заехаў да цётак.
XIV
Нехлюдаў заехаў да цётак таму, што маёнтак іх быў па дарозе да яго палка, які прайшоў уперад, і таму, што яны яго аб гэтым вельмі прасілі, але, галоўнае, заехаў ён цяпер для таго, каб пабачыць Кацюшу. Магчыма ў глыбіні душы і быў у яго ўжо благі намер супроць Кацюшы, які нашэптваў яму яго разбэшчаны цяпер звярыны чалавек, але ён не ўсведамляў свайго намеру, а проста яму хацелася пабываць у тых мясцінах, дзе яму было гэтак добра, і ўбачыць крыху смешных, але мілых, добрадушных цётак, якія заўсёды непрыкметна для яго абкружалі яго атмасферай любві і замілавання, і ўбачыць мілую Кацюшу, пра якую астаўся гэткі прыемны ўспамін.
Прыехаў ён у канцы сакавіка, у страсную пятніцу, у самае бездарожжа, пад праліўным дажджом, так што прыехаў ён да ніткі мокрым і прастыў, але быў бадзёрым і ўзбуджаным, якім ён заўсёды адчуваў сябе ў гэты час. „Ці ў іх яшчэ яна?“ думаў ён, заязджаючы на знаёмы, завалены снегам, што паў з даха, старажытны памешчыцкі, абгароджаны цаглянай сцяной, двор цётак. Ён чакаў, што яна выбежыць на ганак на яго званок, але на дзявочы ганак вышлі дзве босыя, з падаткнутымі спадніцамі, бабы з вёдрамі, якія, відаць, мылі падлогу. Яе не было і на парадным ганку; вышаў