— З прыездам вас, Дзмітрый Іванавіч! — праз сілу вымавіла яна, і твар яе заружавеў.
— Добры дзень… добры дзень, — не ведаў ён, як, на „ты“ або на „вы“ гаварыць з ёй, і пачырванеў таксама, як і яна. — Жывы, здаровы?
— Дзякуй богу… вось цётачка даслала вам ваша любімае мыла, ружовае, — сказала яна, кладучы мыла на стол і ручнікі на ручкі крэслаў.
— У іх сваё, — абараняючы самастойнасць госця, сказаў Ціхан, з гонарам паказваючы на адкрыты вялізны з срэбранымі пакрышкамі, несесер Нехлюдава, з вялікай колькасцю шклянак, шчотак, фіксатуараў, духоў і ўсякіх туалетных прылад.
— Падзякуйце цётачцы. А як я рад, што прыехаў, — сказаў Нехлюдаў, адчуваючы, што на душы ў яго робіцца таксама светла і пяшчотна, як бывала раней.
Яна толькі ўсміхнулася ў адказ на гэтыя словы і вышла.
Цёткі, якія і заўсёды любілі Нехлюдава, яшчэ радасней, чым звычайна, сустрэлі яго ў гэты раз. Дзмітрый ехаў на вайну, дзе яго маглі параніць, забіць. Гэта расчульвала цётак.
Нехлюдаў размеркаваў сваю паездку так, каб прабыць у цётак толькі суткі, але, убачыўшы Кацюшу, ён згадзіўся сустрэць у цётак вялікдзень, які надыходзіў праз два дні, і тэлеграфаваў свайму прыяцелю і таварышу Шэнбоку, з якім яны павінны былі з‘ехацца ў Одэсе, каб і ён заехаў да цётак.
З першага-ж дня, як ён убачыў Кацюшу, Нехлюдаў адчуў ранейшае пачуццё да яе. Таксама, як і раней, ён не мог без хвалявання бачыць цяпер белы фартух Кацюшы, не мог без радасці чуць яе крокі, яе голас, яе смех, не мог без замілавання пазіраць у яе чорныя, як мокрая смародзіна, вочы, асабліва, калі яна ўсміхалася, не мог, галоўнае, без замяшання бачыць, як яна чырванела, сустракаючыся з ім. Ён адчуваў, што закахаўся, але не гэтак, як раней, калі гэта каханне было для яго тайнай, і ён сам не мог адважыцца прызнацца сабе ў тым, што ён кахае, і калі ён быў пераконаны ў тым, што кахаць можна толькі