Усё было святочна, урачыста, весела і прыгожа: і свяшчэннікі ў светлых срэбраных з залатымі крыжамі рызах, і дзякан, і дзячкі ў святочных срэбраных і залатых сціхарах, і прыбраныя добраахвотнікі пеўчыя з маслянымі валасамі, і вясёлыя напевы святочных песень, і безупыннае бласлаўленне народу свяшчэннікамі трайнымі, упрыгожанымі кветкамі свечкамі з выгукамі: „Хрыстос васкрэсе!“ „Хрыстос васкрэсе!“, якія ўсё паўтараліся. Усё было прыгожа, але лепш за ўсё была Кацюша ў белым плацці і блакітным поясе, з чырвоным банцікам на чорнай галаве і вачыма, якія ззялі ад захаплення.
Нехлюдаў адчуваў, што яна бачыла яго, не азіраючыся. Ён бачыў гэта, калі блізка паўз яе праходзіў да алтара. Яму не было чаго сказаць ёй, але ён прыдумаў і сказаў, праходзячы міма яе:
— Цётачка сказала, што яна будзе разгаўляцца пасля позняй абедні.
Маладая кроў, як заўсёды пры поглядзе на яго, заліла яе мілы твар, і чорныя вочы, смеючыся і радуючыся, наіўна гледзячы знізу ўгору, спыніліся на Нехлюдаве.
— Я ведаю, — усміхнуўшыся, сказала яна.
У гэты час дзячок з мядзяным кафейнікам, прабіраючыся праз народ, прайшоў ля Кацюшы і, не гледзячы на яе, зачапіў яе палой сціхара. Дзячок, як відаць, з павагі да Нехлюдава, абыходзячы яго, зачапіў Кацюшу. Нехлюдаву-ж было дзіўна, як гэта ён, гэты дзячок, не разумее таго, што ўсё, што тут ды і ўсюды на свеце існуе, існуе толькі для Кацюшы, і што пакінуць можна ўсё на свеце, толькі не яе, таму што яна — цэнтр усяго. Для яе зіхацела золата іканастаса і гарэлі ўсе свечкі на панікадзіле і ў падсвечніках, для яе былі гэтыя радасныя напевы: „Вялікдзень гасподні, радуйцеся, людзіе“. І ўсё, што толькі было добрае на свеце, усё было для яе. І Кацюша, яму здавалася, разумела, што ўсё гэта для яе. Так здавалася Нехлюдаву, калі ён пазіраў на яе статную постаць у белым плацці са зборачкамі і на ўдумліва радасны твар, з выразу якога ён бачыў, што якраз тое самае, што пяе ў яго душы, пяе і ў яе душы.