паверыць сабе, але ён не зразумеў, што гэта няёмкасць і сарамлівасць былі самыя добрыя пачуцці яго душы, якія прасіліся на свет, а, наадварот, яму здавалася, што гэта гаворыць у ім яго дурасць, што трэба рабіць, як усе робяць.
Ён дагнаў яе яшчэ раз, зноў абняў і пацалаваў у шыю. Гэты пацалунак быў зусім ужо не гэткі, як тыя першыя два пацалункі; адзін бессвядомы за кустом бэзу і другі сёння раніцою ў царкве. Гэты быў страшны, і яна адчула гэта.
— Што-ж гэта вы робіце? — ускрыкнула яна такім голасам, нібы ён неўзваротна разбіў нешта бясконца каштоўнае, і пабегла ад яго.
Ён прышоў у сталовую. Цёткі прыбраныя, доктар і суседкі стаялі каля закускі. Усё было гэтак звычайна, але ў душы Нехлюдава была бура. Ён не разумеў нічога з таго, што яму гаварылі, адказваў недарэчы і думаў толькі пра Кацюшу, успамінаючы адчуванні гэтага апошняга пацалунку, калі ён дагнаў яе ў калідоры. Ён ні пра што іншае не мог думаць. Калі яна ўваходзіла ў пакой, ён, не гледзячы на яе, адчуваў усёй істотай сваёй яе прысутнасць і павінен быў перамагаць сябе, каб не глядзець на яе.
Пасля абеду ён адразу-ж пайшоў у свой пакой і, моцна хвалюючыся, доўга хадзіў па ім, прыслухоўваючыся да гукаў у доме і чакаючы яе крокаў. Той звярыны чалавек, які жыў у ім, не толькі падняў цяпер галаву, але затаптаў сабе пад ногі таго духоўнага чалавека, якім ён быў у першы прыезд свой і нават сёння раніцою ў царкве, і гэты страшны звярыны чалавек цяпер панаваў адзін у яго душы. Не гледзячы на тое, што ён не спыняў падпільноўваць яе, яму ні разу не ўдалося адзін на адзін сустрэць яе ў гэты дзень. Напэўна, яна ўнікала яго. Але ўвечары здарылася так, што яна павінна была ісці ў пакой побач з тым, які ён займаў. Доктар астаўся начаваць, і Кацюша павінна была засцяліць ложак госцю. Пачуўшы яе крокі, Нехлюдаў, ціха ступаючы і стрымліваючы дыханне, нібы збіраючыся на злачынства, увайшоў за ёй.
Засунуўшы абедзве рукі ў чыстую навалачку і трымаючы імі падушкі за рагі, яна азірнулася на яго і ўсміхну-