лася, але не вясёлай і радаснай, як раней, а спалоханай, жаласлівай усмешкай. Усмешка гэта нібы сказала яму, што тое, што ён робіць, — дрэнна. На мінуту ён спыніўся. Тут яшчэ была магчымасць барацьбы. Хаця слаба, але яшчэ чуцён быў голас сапраўднай любові да яе, які гаварыў яму аб ёй, аб яе пачуццях, аб яе жыцці. А другі голас гаварыў: глядзі, прапусціш сваю ўцеху, сваё шчасце. І гэты другі голас заглушыў першы. Ён рашуча падышоў да яе. І страшнае, нястрымнае, звярынае пачуццё аўладала ім.
Не выпускаючы яе з сваіх абдымкаў, Нехлюдаў пасадзіў яе на ложак і, адчуваючы, што яшчэ нешта трэба рабіць, сеў побач з ёй.
— Дзмітрый Іванавіч, галубок, калі ласка, пусціце, — гаварыла яна жаласлівым голасам. — Матруна Паўлаўна ідзе! — ускрыкнула яна, вырываючыся, і сапраўды нехта ішоў да дзвярэй.
— Дык я прыду да цябе ўначы, — вымавіў Нехлюдаў. — Ты-ж адна?
— Што вы? Ні за што! Не трэба, — гаварыла яна толькі вуснамі, але ўся ўсхваляваная, збянтэжаная істота яе гаварыла іншае.
Да дзвярэй сапраўды падышла Матруна Паўлаўна. Яна зайшла ў пакой з коўдраю ў руцэ і, зірнуўшы дакорліва на Нехлюдава, сярдзіта зрабіла вымову Кацюшы за тое, што яна ўзяла не тую коўдру.
Нехлюдаў моўчкі вышаў. Яму нават не было сорамна. Ён бачыў па твары Матруны Паўлаўны, што яна асуджае яго і правільна робіць, асуджаючы яго, ведаў, што тое, што ён робіць, — дрэнна, але звярынае пачуццё, што выпрасталася з-пад ранейшага пачуцця добрай любові да яе, аўладала ім, і панавала адно, нічога іншага не прызнаючы. Ён ведаў цяпер, што трэба зрабіць для задавальнення пачуцця, і вышукваў сродкі зрабіць гэта.
Увесь вечар ён быў не ў гуморы: то заходзіў да цётак, то ішоў ад іх да сябе і на ганак і думаў аб адным, як-бы адну ўбачыць яе; але і яна ўнікала яго, і Матруна Паўлаўна сачыла за ёю.