— Купец быў ужо ў экстазе, — крыху ўсміхаючыся, гаварыла Кітаева, — і ў нас працягваў піць і частаваць дзяўчат; але з той прычыны, што ў яго нехапіла грошай, ён паслаў да сябе ў нумар гэту самую Любашу, да якой ён меў прэдылекцыя, — сказала яна, зірнуўшы на падсудную.
Нехлюдаву здалося, што Маслава пры гэтым усміхнулася, і гэта ўсмешка здалася яму брыдкай. Дзіўнае, неакрэсленае адчуванне агіднасці, змешанае з пакутаю, узнялося ў ім.
— А якую думку вы мелі аб Маславай? — чырванеючы, нясмела запытаў прызначаны ад суда кандыдат на судовую пасаду, адвакат Маславай.
— Самую лепшую, — адказала Кітаева, — дзяўчына адукаваны і шыкарная. Ён выхоўваўся ў добры сям‘я, і па-французску маглі чытаць. Ён піў часам крыху лішняга, але ніколі не забываўся. Зусім добры дзяўчына.
Кацюша пазірала на гаспадыню, але потым раптам перавяла вочы на прысяжных і спыніла іх на Нехлюдаве, і твар яе зрабіўся сур‘ёзным і нават строгім. Адно са строгіх вачэй яе было касаватым. Даволі доўга гэтыя два дзіўныя вокі пазіралі на Нехлюдава, і, не гледзячы на тое, што жах ахапіў яго, ён не мог адвесці свайго погляду ад гэтых касаватых вачэй з яркабелымі бялкамі. Яму ўспомнілася тая страшная ноч з ледаходам, туманам і, галоўнае, тым шчарбатым, перавернутым месяцам, які перад раннем узышоў і асвятляў нешта чорнае і страшнае. Гэтыя два чорныя вокі, што глядзелі на яго і паўз яго, нагадвалі яму гэта нешта чорнае і страшнае.
„Пазнала!“ падумаў ён. І Нехлюдаў нібы сціснуўся, чакаючы ўдару. Але яна не пазнала яго. Яна спакойна ўздыхнула і зноў пачала глядзець на старшыню. Нехлюдаў уздыхнуў таксама. „Ах, хутчэй бы“, думаў ён. Ён адчуваў цяпер пачуццё, падобнае да таго, якое адчуваў на паляванні, калі даводзілася дабіваць параненую птушку: і брыдка, і шкада, і прыкра. Недабітая птушка б‘ецца ў ягдташы: і брыдка, і шкада, і хочацца хутчэй дабіць і запамятаваць.
Гэткае змешанае адчуванне ахапіла цяпер Нехлюдава, калі ён слухаў допыт сведак.